Генадзь Лосікаў і Мікалай Залозны, кандыдаты ў дэпутаты па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86, паскардзіліся ў абласную выбарчую камісію на непразрысты падлік галасоў і блытаніну ва ўчастках.
14 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Лосікаў і Залозны адмовіліся верыць афіцыйным дадзеным, па якіх за іх прагаласавала 2,6% і 1,7% выбаршчыкаў адпаведна.
– Гэта ж абсурд, калі кандыдат [Іван Вараб’ёў], які не праводзіў зусім ніякай агітацыйнай кампаніі, збірае ў дзесяць разоў больш, чым чалавек, які ўдзельнічаў у дэбатах і размаўляў з людзьмі. Мы абодва з ім набралі каля тысячы ста подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатамі. У выніку, ў яго 27%, а у мяне – 2,6%. Я не веру, што людзі так прагаласавалі, – паведаміў Генадзь Лосік. Гэтую ж інфармацыю ён перадаў назіральнікам місіі АБСЕ.
Акрамя таго, падчас датэрміновага галасавання кандыдат выявіў, што тры дамы па Пушкінскім праспекце і чатыры дамы па вуліцы Габраўскай галасуюць на участках, якія адносяцца да Магілёўскай-Прамысловай акругі №87. Генадзь Лосікаў паведаміў пра гэта ў акруговыя камісіі і незалежным назіральнікам, пасля чаго жыхароў дамоў зноў прылічылі да 86-ай акругі.
– Што стала з галасамі тых, хто паспеў прагаласаваць не ў сваёй акрузе, нам невядома. Мы з Лосікавым хацелі ўбачыць, як сітуацыю адлюстравалі ў сваіх пратаколах адпаведныя ўчастковыя камісіі, аднак старшыня АВК №86 Аляксандр Кажамякін адмовіўся прадаставіць гэтыя пратаколы, – паведаміў назіральнік па дадзенай выбарчай акрузе Барыс Бухель. – Тады мы папрасілі паказаць хоць бы памяшканне, дзе захоўваюцца бюлетэні выбаршчыкаў. Сакратар АВК Алена Сафонава правяла нас па будынку адміністрацыі Кастрычніцкага раёна да нейкага пакою, у якім пад сігналізацыяй, нібыта, захоўваліся лісты з галасамі выбаршчыкаў. Але кнопка сігналізацыі не гарэла. Разам мы пайшлі на пост аховы, дзе супрацоўнік дэпартамента аховы паведаміў, што памяшканне не знаходзіцца пад сігналізацыяй і ніякіх бюлетэняў там няма. Нібыта, яны перададзены на захоўванне адміністрацыі раёна. Цікавая атрымліваецца сітуацыя, у якой нават сакратар акруговага выбаркама не ведае, дзе ўтрымліваюцца бюлетэні праз два дні пасля выбараў.
Бухель дапамог скласці Лосікаву і Залознаму скаргу, у якой кандыдаты запатрабавалі правесці паўторны падлік галасоў, спасылаючыся на непразрыстасць працэдуры падліку і вышэйпазначаныя парушэнні. Абласная выбарчая камісія павінна разгледзіць скаргу ў сераду, 15 верасня.
Пераможцам галасавання па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86, паводле афіцыйных дадзеных, стала намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вольга Петрашова з вынікам у 55,5%. Другое месца заняў Іван Вараб’ёў, дырэктар дарожна-будаўнічага трэсту №3 з вынікам у 27,3%.