Блогер Сцяпан Святлоў сцвярджае, што на падпольныя баі супрацоўнікі ворганаў унутраных спраў нават рабілі стаўкі.

29 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Тэлеграм-канал NEXTA паведаміў, што ў адным з аддзяленняў закрытага тыпу Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансэра супрацоўнікі Дэпартамента аховы УУС Магілёўскага аблвыканкама зладзілі «байцоўскі клуб».

У гэтым аддзяленні, як паведаміў Сцяпан Святлоў, праходзяць прымусовае лячэнне ад туберкулёзу зняволеныя калоній і турмаў.

– Міліцыянты арганізуюць сярод пацыентаў баі без правілаў і нават ладзяць таталізатар. А потым і саміх «пастаяльцаў» лупяць ад душы – калі паставілі грошы і прайгралі. Асабліва выдзяляюцца на ніве менеджмэнту спартыўных адзінаборстваў прапаршчыкі міліцыі Ю. і В, – заяўляе блогер.

Паводле яго інфармацыі, пакінуць «байцоўскі клуб» нельга. Пацыенты знаходзяцца ў тубдыспансеры па рашэнні суда і не могуць проста выпісацца і сысці з двухпавярховага будынка з закратаванымі вокнамі. Прагулкі пацыенты здзяйсняюць таксама пад канвоем.