Фрылансераў Аліну Скрэбунову  і Аляксандра Сідарэўскага абвінавацілі ў незаконным вырабе рэпартажу для тэлеканала БелСАТ.

24 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі/ На фота – праваабаронца “Магілёўскай вясны” Барыс Бухель і Аляксандр Сідарэўскі


У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва 24 лютага судзілі двух фрылансераў Аліну Скрэбунову  і Аляксандра Сідарэўскага. Іх абвінавацілі ў тым, што 17 студзеня яны знялі рэпартаж пра пяцідзесяцігадовы юбілей Магілёўскага тралейбуснага парка для тэлеканала БелСАТ. Сюжэт быў паказаны ў праграме «Аб’ектыў» 19 студзеня. У рэпартажы падзея падавалася ў пазітыўным ключы.

На думку Кастрычніцкага РАУС, маладыя людзі «злоўжылі правамі і абавязкамі журналіста», калі правялі інтэрв’юіраванне некалькіх чалавек на тэрыторыі тралейбуснага парка і ў адным з тралейбусаў. Міліцыя запатрабавала ад суда прыцягнуць абодвух да адміністрацыйнай адказнасці за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» для БелСАТ, паколькі яны не маюць акрэдытацыі.

У Кастрычніцкім судзе адну, па сутнасці, адміністрацыйную справу размеркавалі паміж двума суддзямі. Суддзя Вольга Зарэчнюк разглядала кейс Скрэбуновай, суддзя Наталля Крашкіна – Сідарэўскага.

Фрылансеры прасілі аб’яднаць справу і разглядаць матэрыялы справы ў адным паседжанні, але прадстаўнікі суда ім у гэтым адмовілі.

МІЛІЦЫЯ ЛІЧЫЦЬ ЗБОР ІНФАРМАЦЫІ ПРАВАПАРУШЭННЕМ

Першым пачаўся працэс над Скрэбуновай. Суддзю Зарэчнюк у першую чаргу цікавіла, ці сапраўды дзяўчына інтэрв’юявала людзей і ці прызнае яна сваю віну.

Я не буду даваць паказанні ў дачыненні да сябе ў справе, якая, відавочна, палітычна матывавана і накіравана на ўшчамленне свабоды слова, – адчаканіла Скрэбунова.

Яе абурыла сякерная праца міліцыі, якая прышыла выраб аднаго «прадукту СМІ» адразу двум людзям адначасова.

Як могуць два чалавекі адначасова здзейсніць правапарушэнне такім чынам, каб абодвух адразу судзілі за адно і тое ж? – ўразілася фрылансерка.

Яна патлумачыла суду, што сам працэс ўзяцця інтэрв’ю на камеру – гэта не выраб прадукцыі СМІ. Паколькі ні яна, ні Сідарэўскі не з’яўляюцца уладальнікамі, ўласнікамі або акцыянерамі БелСАТ, яны ніяк не маглі распаўсюдзіць інфармацыйны матэрыял – гэта можа зрабіць толькі тэлеканал.

Скрэбунова засяродзіла ўвагу на тым, што ў яе няма працоўных адносінаў з БелСАТ, бо ў яе няма ні кантракту з тэлеканалам, ні працоўнага дагавора.

Яна адзначыла, што ні ў Магілёўскага горэлектратранспарту, ні ў міліцыі да зместу самога сюжэту прэтэнзій не было.

У адміністрацыйным кодэксе няма артыкула за працу без акрэдытацыі. Любы грамадзянін мае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Пры гэтым па артыкуле 22.9 КаАП, які мне спрабуюць навязаць, проста велізарныя штрафы – ад 20 да 50 базавых велічынь. У Магілёўскай вобласці зарабляюць менш, – аргументавала Скрэбунова сваю пазіцыю. – Такі вялікі памер спагнання сведчыць аб тым, што яно прызначаны для юрыдычных асоб. Прычым тут тады я?

Яна сама ж і працягнула сваю думку, абвінаваціўшы магілёўскую міліцыю ў працы дзеля «палак» у сваіх справаздачах.

– Гэта не першы раз, калі суд спрабуе мяне прыцягнуць да адказнасці па 22.9 КаАП. Але чаму ж, калі там роскід штрафаў ад 20 да 50 базавых велічынь, мне стала даюць менавіта 50? Суддзям дадзена сакрэтнае распараджэнне? Чаму супрацоўнікі міліцыі дазваляюць сабе казаць, што мяне абавязкова аштрафуюць? Яны не ведаюць чым сябе заняць, акрамя як ляпіць мне пратаколы? Напэўна, усіх злачынцаў злавілі ўжо, – выступіла Скрэбунова.

Следам суддзя Зарэчнюк заслухала паказанні сведак, якія бачылі, як Скрэбунова і Сідарэўскі здымаюць рэпартаж. Сярод іх быў дырэктар Маггарэлектратранспарта Сяргей Манастырэнка. Ён распавёў, што сам дапусціў фрылансераў на тэрыторыю тралейбуснага парка і быў з імі ўвесь час, пакуль яны здымалі сюжэт. Пры гэтым ён рэзка адмаўляў, што наогул бачыў гэты рэпорт.

П’ЯНЫ СВЕДКА І НОВЫЯ ПРАБЛЕМЫ

Яшчэ з-за аднаго сведкі суд прыйшлося перапыніць – відавочца здымкі рэпартажу Цімашэнка заявіўся на пасяджэнне ў нецвярозым стане і Зарэчнюк адмовілася дапускаць яго да працэсу. Паколькі Аліна Скрэбунова заявіла аб неабходнасці яго апытання, суддзя вырашыла перапыніць судовае пасяджэнне да 4 сакавіка.

Адразу па выхадзе з залы суда да фрылансеркі падышлі двое супрацоўнікаў Ленінскага РАУС. Яны заявілі, што на яе заведзеная новая адміністрацыйная справа і паспрабавалі выдаць позву.

Скрэбунова запратэставала, паколькі ў позве было пазначана, што яе ўручаюць па адрасе месца жыхарства дзяўчыны. Яна пагадзілася прыняць дакумент толькі тады, калі міліцыянты выправілі адрас месца ўручэння на суд Кастрычніцкага раёна. Міліцыя чакае Аліну для складання пратаколу 10 сакавіка.

СУДДЗЯ-ХУТКАСТРЭЛЬНІЦА

Суддзя Наталля Крашкіна ў гэты час разглядала кейс Аляксандра Сідарэўскага. На працэсе таксама прысутнічаў праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель.

Як і Скрэбунова, Сідарэўскі заявіў аб неправамернасці пераследу міліцыяй. Ён звярнуў увагу суддзі на тое, што Канстытуцыя і міжнародныя законы гарантуюць яму права на збор і распаўсюд інфармацыі. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС гэты факт праігнаравалі, лічыць Сідарэўскі.

Таксама ён заявіў, што ў яго няма працоўных адносін з тэлеканалам БелСАТ. У цэлым, яго выступ паўтараў тое, што казала Аліна Скрэбунова на сваім працэсе.

Цікавей справа пайшла, калі пачалося апытанне сведак.

Дырэктар Маггарэлектратранспарту Сяргей Манастыренко паведаміў, што ён забараніў фрылансерам здымаць тыя тралейбусы на тэрыторыі тралейбуснага парка, на якіх змяшчаецца рэклама.

Аляксандр Сідарэўскі і Аліна Скрэбунова

Калі ў працэсе пачаўся прагляд самога сюжэту, Манастырэнка абурыўся тым фактам, што «забароненыя» тралейбусы ўсё ж такі трапілі ў рэпартаж. Сідарэўскі парыраваў гэта тым, што дадзеныя кадры здымаліся на прыпынку транспарту «Зялёны луг».

– Гэта таксама тэрыторыя тралейбуснага парка, – заявіў Манастырэнка.

Пасля апытання сведак Сідарэўскі прасіў суддзю да канца азнаёміцца ​​з яго выступам, але Наталля Крашкіна, мабыць, некуды спяшалася – яна маментальна вынесла рашэнне аштрафаваць фрылансера на 20 базавых велічыняў (540 рублёў).