Напярэдадні Новага года ў беларускія калоніі не даходзяць грашовыя пераводы праз «Беларусбанк».

Праблема пачалася 20 снежня, калі раней наладжаныя плацяжы раптам пачалі масава вяртацца. Пазней сталі з’яўляцца паведамленні «Плацёж забаронены» (у М-банкінгу і АРІП) пры ажыццяўленні плацяжоў па рэквізітах. З-за гэтага тысячы асуджаных могуць застацца без так званай «атаваркі» ў турэмнай краме перад Новым годам.

У самім «Беларусбанку» спаслаліся на правядзенне тэхнічных работ нібыта ў перыяд з 22 па 29 снежня ў сувязі са змяненнем архітэктуры праграмнага забеспячэння. Аднак і 30-га чысла праблема не была вырашаная. Версіі работнікаў банка адрозніваюцца ў залежнасці ад горада. У некаторых выпадках там адказваюць, што праблема будзе вырашаная прыкладна 5 студзеня, у іншых агучваецца дата 9 студзеня.

Таксама, ў залежнасці ад горада, супрацоўнікі банка ажыццяўляюць (альбо не ажыццяўляюць) паслугу аплаты па рэквізітах уручную з дапамогай касіра банка. У некаторых выпадках гэта атрымліваецца зрабіць.

Адзначым, што «Беларусбанк» 27 снежня паведаміў аб завяршэнні тэхнічных работ па абнаўленні сістэм для аперацый з карткамі. Аднак у дадзеным выпадку гаворка ідзе пра плацяжы ў бюджэт, бо ўсе пералічэнні ў папраўчыя калоніі ідуць менавіта пад такім кодам.