Новае абнаўленне па ўчорашніх затрыманнях.

5 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Журналіст і праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў-старэйшы быў спынены патрулём ДАІ каля 19 гадзін на вуліцы Касманаўтаў. Паводле яго слоў, супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі маёра Рубанаў, заявіў, што падазрае Буракова у «транспарціроўцы кантрафактнага алкаголю» і запатрабаваў адкрыць багажнік.

У багажным аддзяленні, як і ў салоне, вядома ж, ніякага алкаголю не было. Пасля гэтага маёр Рубанаў прыдумаў іншую падставу, каб затрымаць Буракова – нібыта, аўтамабіль, на якім журналіст ездзіць з 2013 года, можа быць ва ўгоне. Міліцыянт праверыў ідэнтыфікацыйны нумар машыны (VIN) і заявіў, што Буракоў затрыманы – нібыта, VIN можа быць фальшывым.

Пазней стала вядома, што супрацоўнікі ДАІ затрымалі магілёўскага актывіста Аляксандра Хамратова. Як паведаміў праваабаронца “Магілёўскай вясны” Барыс Бухель, Хамратаву ставяць у віну “непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка ДАІ” – нібыта, не прадаставіў пасведчанне кіроўцы на запатрабаванне міліцыі.

На 19:50 абодва знаходзіліся ў Ленінскім РАУС.

ЗДАЕЦЦА, ДАІ ПОМСЦІЦЬ – ЗА ДАПАМОГУ КІРОЎЦАМ І НЕПРЫЕМНАЕ ДЛЯ СЯБЕ ВІДЭА

Выглядае дзіўным супадзеннем затрыманне адразу двух чалавек без бачных на тое законных прычын. Зрэшты, здаецца, прычына ёсць.

Давераныя асобы кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай ў канцы ліпеня-пачатку жніўня правялі шэраг агітацыйных пікетаў побач з Лядовым палацам. Гэтыя мітынгі падтрымлівала вялікая колькасць аўтааматараў – праязджаючы міма, яны падавалі гукавы сігнал.

Адразу пасля гэтых сігналаў іх спынялі патрулі ДАІ і большасці давалі штраф.

Аляксандр Хамратаў быў адным з тых, хто наўпрост падчас пікетаў аказваў юрыдычную дапамогу затрыманым аўтамабілістам.

Аляксандр Буракоў жа, у сваю чаргу, відавочна раззлаваў Дзяржаўтаінспекцыю відэаролікам, на якім ён здолеў адстаяць права не плаціць штраф і даказаць незаконнасць дзеянняў міліцыі. Ролік набраў больш за 200 тысяч праглядаў.

Варта адзначыць, што праз тыдзень пасля выкладання відэароліка ў Інтэрнэт, Буракова ўжо спыняў усё той жа маёр Рубанаў – тады ён прычапіўся да тэхагляду, які быў пройдзены.


АБНОЎЛЕНА – 2:37 НОЧЫ


КАЛЯ РАУС ПРЭСАНУЛІ ЖУРНАЛІСТАЎ

Людзям, якія чакалі новай інфармацыі пра лёс Буракова і Хамратава, не дазволілі знаходзіцца ў самым райаддзеле – дзяжурны спаслаўся на цяжкую эпідэміялагічную абстаноўку. У выніку, усе апынуліся на вуліцы.

У адказ на гэта журналіст Уладзімір Лапцэвіч напісаў у кнізе скаргаў заўвагу пра тое, што, па словах прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, каранавірус ў Беларусі пераможаны. Такім чынам, паведамленне аб цяжкім эпідэміялагічным становішчы з’яўляецца ілжывым.

«Такім чынам, сваімі дзеяннямі супрацоўнікі міліцыі спрыяюць распаўсюджванню каронапсіхоза, што супярэчыць словампрэзідэнта Лукашэнкі», – пазначыў у кнізе скаргаў Лапцэвіч.

Праз паўгадзіны да яго з будынка РАУС выйшаў міліцыянт і папрасіў Лапцэвіча прайсці з ім – нібыта, для апытання па запісу ў кнізе скаргаў.

З гэтага часу і на момант публікацыі дадзенага матэрыялу (02:25 ночы) Лапцэвіч з РАУС так і не выйшаў.

Таксама позвы на яўку ў міліцыю на 6 жніўня атрымалі журналісты Аліна Скрэбунова і Аляксандр Сідарэўскі, якія таксама чакалі развіцця падзей па Буракову і Хамратаву.

ХАМРАТАВА ПАВЕЗЛІ НА “ХУТКАЙ”

Каля 22:30 актывіста Аляксандра Хамратава павезла з Ленінскага РАУС карэта «хуткай дапамогі». Што з ім здарылася – невядома.

Каля паловы першай ночы з’явілася інфармацыя, што Хамратава выпусцілі з лякарні, аднак дадому ён так і не з’явіўся. Верагодна, яго зноў затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

СУПРАЦЬ БУРАКОВА АРГАНІЗАВАЛІ ПРАВАКАЦЫЮ – ПРАМА КАЛЯ РАУС

Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель з трывогай паведаміў, што ў дачыненні да журналіста і праваабаронцы Аляксандра Буракова зладзілі правакацыю прама каля аддзялення міліцыі:

– Я стаяў каля звычайнага ўваходу ў РАУС, чакаў развіцця падзей. Раптам я пачуў нейкі шум з боку ўязной брамы на паркоўку райаддзела. Спачатку заныла нейкая жанчына, потым пачуў голас Алеся Буракова, які гучна паўтарыў некалькі разоў, што гэта – правакацыя. Я рвануў да іх, але і жанчыну, і Буракова завялі назад у РАУС – падчас правакацыі з ім побач знаходзіліся двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.

Як патлумачыў Бухель, верагодна, на Буракова не змаглі нічога скласці ў аддзяленні міліцыі і адважыліся на падставу.

– Яго спецыяльна вывелі не праз звычайны ўваход, а праз паркоўку. Прычым зрабілі гэта тады, калі я застаўся чакаць на вуліцы адзін, мае калегі з’ехалі. Я так зразумеў, яму паспрабуюць навязаць тое, што ён нібыта напаў на жанчыну, хоць ёсць сведка, які бачыў, што гэта была проста правакацыя. Ну і трэба ведаць Буракова, каб разумець, што ён у прынцыпе ніколі б ні на каго не напаў. Вельмі тупая праца сілавікоў, – заявіў праваабаронца.

На дадзены момант (02:37) інфармацыі аб статусе Буракова-старэйшага няма. Членам яго сям’і паведамілі, што ён па-ранейшаму ў РАУС і што «з ім працуюць». Аднак невядома, па якой менавіта справе.

Абнаўленне інфармацыі – раніцай 6 жніўня. Варта адзначыць, што ў гэты дзень у Аляксандра Буракова-старэйшага – Дзень нараджэння. Магчыма, гэта спланаваная акцыя міліцыі, каб «сапсаваць свята».


АБНОЎЛЕНА А 9:52 РАНІЦЫ


Стала вядома, што Аляксандра Буракова ноч пратрымалі ў Ленінскім РАУС, пасля чаго адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На яго складзены пратакол за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП РБ). Верагодна, справа звязана з правакацыяй, якую супрацоўнікі міліцыі зладзілі для яго пад сценамі РАУС.

Смутным застаецца лёс журналіста Уладзіміра Лапцэвіча, які так і не выйшаў з Ленінскага РАУС. Яго тэлефон адключаны. Хутчэй за ўсё, ён таксама на ІЧУ. Што ставяць яму ў віну – невядома.

Аляксандр Хамратаў таксама ня аб’яўляўся. Вядома, што на яго склалі пратакол па арт.23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы пры выкананні) – нібыта, ён адмовіўся перадаць супрацоўнікам ДАІ сваё пасведчанне кіроўцы.

Праваабаронцы і журналісты дзяжураць каля суда Ленінскага раёна ў надзеі дачакацца яснасці у дачыненні да гэтых трох чалавек.

Акрамя таго, дзяжурства ўсталявана каля суда Кастрычніцкага раёна, куды павінны даставіць на працэс назіральніка ад ініцыятывы “Сумленныя людзі” Андрэя Застрэлава. Нагадаем, што ў дачыненні да яго складзены пратакол за непадпарадкаванне патрабаванням намесніка старшыні ўчастковай выбарчай камісіі №97 (гімназія №1).