Ленін, Сталін, магілёўскія чыноўнікі, туман і холад – як адзначалі дзень дзяржаўнага пераварота ў Магілёве.
7 лістапада. Магілёў. Плошча Леніна. Алесь Святліцкі. Фота, відэа – mspring.online
7 лістапада Беларусь на дзяржаўным узроўні адзначала Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (у фармулёўцы ўладаў яшчэ прысутнічала слова «Вялікай»). Афіцыйны мітынг у Магілёве ля помніка Леніну пачаўся аб 11-ай гадзіне раніцы і доўжыўся каля 15 хвілін. За гэты час паспелі выступіць функцыянер БРСМ Павел Алекса, лідар магілёўскіх камуністаў Стальмашонак і яшчэ некалькі чалавек.
Затым удзельнікі ўсклалі кветкі да помніка Уладзіміра Леніна. Усё гэта адбывалася перад будынкам магілёўскага Дома Саветаў, дзе пад дахам да гэтага часу красуецца герб БССР.
На мітынг прыйшло каля 300-400 чалавек. У тым ліку ў свяце савецкай рэвалюцыі прынялі ўдзел члены апазіцыйнай партыі левых «Справядлівы свет».
Варта адзначыць, што ў гэтым годзе прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наўпрост заявіў пра тое, што «7 лістапада – гэта свята міру і сапраўдных правоў чалавека», а таксама назваў Кастрычніцкі пераварот крыніцай «адраджэння многіх народаў і права на іх самавызначэнне».