А магілёўскі журналіст абвінавачваў Цімура Пахоменка у збіцці.
Магілёўскі гарвыканкам падвёў вынікі года ў выглядзе прэміі «Дасягненне». Улады пазіцыянуюць яе як адмысловую прэмію для магілёўцаў, якія «праявілі сябе ў розных сферах народнай гаспадаркі і ўславілі абласны цэнтр сваімі дасягненнямі».
Мяркуючы па спісах лаўрэатаў, за апошнія дзесяць гадоў у асноўным сябе праяўлялі начальнікі дзяржустаноў, дырэктары прадпрыемстваў і іншыя таварышы з бюджэтных або прыватных прадзяржаўных структур.
Пра наступнага намінанта прэміі пасля жніўня 2020 года даведаліся многія. Праўда, наўрадці ў вельмі станоўчым ключы.
Як паведаміў Магілёўскі гарвыканкам, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспецы Ленінскага РАУС Цімур Пахоменка стаў лаўрэатам прэміі «Дасягненне» у сферы «Праваахоўная дзейнасць».
Чым жа вядомы Пахоменка?
БЫХАЎСКІ МІЛІЦЭЙСКІ ІДЭОЛАГ
У магілёўскай міліцыі Пахоменка адносна нядаўна. Да 2017 года ён у асноўным згадваецца, як супрацоўнік Быхаўскага раённага АУС. Пасаду наўрад ці можна назваць геройскай – у мясцовай раёнцы пазначана, што Пахоменка быў намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.
Згодна з адкрытай інфармацыяй, Пахоменка праводзіў экскурсіі для дзяцей падчас Дзён адкрыты дзвярэй, пісаў перыядычныя нататкі пра дасягненні быхаўскай міліцыі на ведамасныя рэсурсы і ў раённую газету, выступаў на падвядзенні вынікаў работы і іншае.
Асаблівых публічных водгукаў пра Цімура Алегавіча за той перыяд няма. Вядома толькі, што ў студзені 2017-га яму прысвоілі класную кваліфікацыю па выніках працы за год. У перыяд з 2018 па жнівень 2020 года адкрытых дадзеных пра міліцыянта не было. Як і калі ён стаў начальнікам ААПП МГБ Ленінскага РАУС Магілёва на адкрытых рэсурсах не пазначана.
ПАХОМЕНКА І ЖУРНАЛІСТ
5 жніўня магілёўская міліцыя пачала першы этап перадвыбарчай зачысткі незалежных журналістаў. Усё пачалося з карэспандэнта Deutsche Welle Аляксандра Буракова, якога затрымалі і канваіравалі ў Ленінскі РАУС супрацоўнікі ДАІ.
Да яго на дапамогу як прадстаўнік «Беларускай асацыяцыі журналістаў» паспяшаўся журналіст Уладзімір Лапцэвіч.
Калі яго не пусцілі нават у будынак РАУС, ён пакінуў заўвагу ў кнізе скаргаў. Пасля гэтага да Лапцэвіча выйшаў міліцыянт і прапанаваў апытаць яго з нагоды скаргі. Журналіста адвялі ў навучальны клас, але апытваць яго ніхто не збіраўся.
Тады Лапцэвіч выйшаў з кабінета, але яго адмовіліся выпускаць:
«Я ўсё ж выйшаў з кабінета, прайшоў літаральна некалькі крокаў – выбеглі два супрацоўнікі ў цывільным. Адзін з іх, як я пасля даведаўся, быў начальнік аддзялення правапарадку і прафілактыкі Цімур Пахоменка. Ён стаў хапаць мяне за рукі і ўжо сілай запіхваць назад у гэты навучальны клас. Сілай мяне пасадзілі назад на крэсла. Ён навошта-то яшчэ сарваў з мяне акуляры, паклаў іх на парту, сказаў, што, калі буду тузацца, то будзе яшчэ горш.
Я быў збянтэжаны такім стаўленнем. На мае пытанні ніхто не адказваў. Я пасядзеў нейкі час, і паколькі мне ніхто так і не патлумачыў, чаму я тут знаходжуся і чаму мяне не выпускаюць, я ўстаў і зноў паспрабаваў выйсці з гэтага класа. Прыбеглі ўжо трое супрацоўнікаў у цывільным, сярод якіх зноў быў Пахоменка. Мяне з яшчэ большай сілай запіхнулі ў гэты клас, пры гэтым кінулі на бліжэйшую да дзвярэй парту. Я стукнуўся галавой, мне заламалі рукі, надзелі ззаду кайданкі і кінулі, дакладней, кінуў на падлогу, ужыўшы сілавы прыём, гэты Цімур Пахоменка. Ён жа прыгразіў, што, калі буду яшчэ тузацца, то зробяць мне «ластаўку», – распавядаў Лапцэвіч праекту «Прэса пад прэсам».
Таксама на Лапцэвіча склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Суд прызначыў журналісту 12 сутак арышту.
Перад ІЧУ Уладзіміру ўдалося зафіксаваць пабоі. Была распачатая крымінальная праверка па факце ягонага збіцця ў Ленінскім РАУС, якая доўжылася некалькі месяцаў. Ён прама пазначаў падчас допытаў, што яго зьбіваў менавіта Цімур Пахоменка, аднак вінаватых, нібыта, няма.
ПАХОМЕНКА І МЕДЫК
Магілёўскага медыка Андрэя Вярбіцкага ўвосень 2020 года тройчы арыштоўвалі рашэннем суда Ленінскага раёна за ўдзел у мірных пратэстах. Усяго ў ІЧУ Вярбіцкі без перапынку правёў 26 сутак. Тады сваё доўгатэрміновае знаходжанне ў ІЧУ Андрэй звязаў са здзеклівымі дзеяннямі Цімура Пахоменка. Гэтую гісторыю падрабязней асвятляў 6ТВ.
Вярбіцкі распавядаў, што Пахоменка псіхалагічна ціснуў на яго падчас размоў. “Але я скарыстаўся 27 артыкулам Канстытуцыі і нічога яму не казаў. Можа быць, таму да мяне было такое стаўленне“, – заявіў журналістам Вярбіцкі.
26 сутак у ізалятары Вярбіцкі правёў пасля збіцця, як мяркуецца, супрацоўнікамі АМАП пры затрыманні 27 верасня.
Знаходзячыся ў будынку Ленінскага РАУС, мужчына мінаў крывёй, у той час як супрацоўнікі міліцыі афармлялі іншых затрыманых. Больш за тое, адзін з міліцыянтаў назваў збітага медыка клоўнам, а спробы людзей аказаць дапамогу пацярпеламу перарываліся, як і яго жаданне падыхаць свежым паветрам. Пасля Вярбіцкага звезла хуткая дапамога. У шпіталі ён прабыў тры дні, пасля чаго зноў быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на 26 сутак.
Як меркаваў медык у інтэрв’ю парталу 6ТВ, Пахоменка, мабыць, атрымлівае задавальненне ад пачарговага накіравання ў суд аднатыпных матэрыялаў на аднаго і таго ж чалавека, загадзя ведаючы пра ўсіх эпізодах.
ПАХОМЕНКА І УСЕ-УСЕ-УСЕ
Далей мы проста пералічым інцыдэнты, калі людзі, якія падвергліся палітычнаму пераследу з боку міліцыі, мелі досвед кантакту з Цімурам Алегавічам (паводле телеграм-каналу MAYDAY).
24 верасня 2020 года магілёвец Дзмітрый Балаўнёў пайшоў на “размову” ў Ленінскі РАУС. Праз 3 гадзіны ён напісаў, што Цімур Пахоменка, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, вырашыў затрымаць яго на трое сутак да суда, “каб падумаў”.
7 снежня Пахоменка асабіста прыязджаў на агляд да актывіста Аляксея Барысава з-за таго, што ў апошняга на балконе віселі белыя і чырвоная майкі. Пазней нават прыйшоў да таго на суд, па выніках якога Барысава аштрафавалі на тысячу рублёў «за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».
28 студзеня 2021 году асабіста не пусціў журналістаў на судовае паседжаньне па крымінальнай справе супраць былога члена штаба Бабарыкі Сяргея Кармызава, заявіўшы, што тыя – «лішнія людзі».
11 лютага не пусціў людзей, якія жадалі падтрымаць палітвязняў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна, на першае паседжанне, заявіўшы, што зала поўная. Пазней аказалася, што ў зале былі ў асноўным студэнты Інстытута МУС.
10 лютага магілёўцаў, якіх раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па арт.23.34, выклікалі позвамі як сведак па крымінальнай справе – нібыта за раскіданыя «вожыкі» і згарэлы аўтамабіль. Але па факце з людзьмі проста была праведзена прафілактычная гутарка, каб тыя не ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. З некаторымі гутарыў асабіста Пахоменка.
27 сакавіка Цімур Пахоменка ў цывільным адзенні, па паведамленнях відавочцаў, асабіста затрымаў перакладчыка Анатоля Прасаловіча, спаслаўшыся на тое, што той праходзіць як сведка па нейкай крымінальнай справе. Пасля гэтага пратрымалі некалькі тыдняў ў ІЧУ па некалькіх адміністратыўных артыкулах. Пазней Пахоменка, нібыта, нават пагражаў актывісту крымінальнай справай.
8 красавіка магіляўчанка Алена Бажанава з’явілася ў Ленінскі РАУС за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – за расклееныя на балконе аркушы А4. Там з ёй гутарыў Цімур Пахоменка. Ён прыгразіў, што Алену звольняць з працы і нават патэлефанаваў начальніку Бажанавай наўпрост пры ёй.
У ЧЫМ ТАДЫ ДАСЯГНЕННІ?
Газета гарвыканкама “Веснік Магілёва» 1 ліпеня надрукавала кароткую інфармацыю, за што вылучылі лаўрэатаў прэміі. Дасягненне Пахоменка – у «спакоі на вуліцах раёнах і лічбах»:
«Ў 2021 годзе раскрыта 32 злачынствы па лініі крымінальнага вышуку, 17 злачынстваў прэвентыўнай накіраванасці, прыняты меры па прымусовай ізаляцыі для медыка-сацыяльнай рэадаптацыі ва ўмовах ЛПП у дачыненні да 18 чалавек, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, а ў дачыненні да раней судзімых ўстаноўлена 7 прэвентыўных наглядаў. Задакументавана больш 1630 адміністрацыйных правапарушэнняў, разгледжана больш за 2 тыс. заяваў грамадзян».
Ніякай параўнальнай статыстыкі, ці з’яўляюцца наогул гэтыя лічбы паспяховымі, няма. Зрэшты, гэта не перашкодзіць атрымаць Цімуру Пахоменка 870 рублёў – грашовая ўзнагарода прэміі «Дасягненне» складае 30 базавых велічынь.
Іронія лёсу – максімальны штраф па самай частафігуруючай ў 2020 годзе ч. 1 арт. 23.34 КаАП РБ складаў тыя самыя 30 б.в. Дасягненне.