У беларускія калоніі ўжо тры тыдні не даходзяць грашовыя пераводы з банкаўскіх карт. І праблема не толькі з «Беларусбанкам».
Плацяжы, здзейсненыя з карт іншых банкаў, спачатку спісваюцца з рахункаў кліентаў, але прыкладна праз 7–14 дзён масава вяртаюцца назад на рахункі адпраўнікоў.
Напярэдадні навагодніх святаў мы паведамлялі пра праблему, якая пачалася яшчэ 20 снежня. Раней адладжаныя плацяжы ў папраўчыя калоніі, якія паводле закона з’яўляюцца плацяжамі ў бюджэт, сталі вяртацца. Адначасова ў М-банкінгу і ЕРІП з’явіліся паведамленні «Плацеж забаронены» пры спробе аплаты па рэквізітах.
У «Беларусбанку» тады спаслаліся на правядзенне тэхнічных работ з 22 па 29 снежня ў сувязі са змяненнем архітэктуры праграмнага забеспячэння. У некаторых аддзяленнях паведамлялі, што праблема будзе вырашаная да 9 студзеня. Аднак і сёння, 13 студзеня, сістэма не працуе.
Больш за тое, яна не працуе і ў іншых банках.
Сваякам асуджаных прапануюць дасылаць грошы праз пошту, але ў такім выпадку зняволеныя, у дачыненні да якіх уведзены «прафулік» і якія знаходзяцца ў спісе «тэрарыстаў», не маюць магчымасці атрымаць нават дзве базавыя велічыні, бо ў паштовай сістэме ў дачыненні да іх дзейнічае аўтаматычная забарона на пераводы.
У выніку тысячы асуджаных застаюцца без так званай «атаваркі» ў турэмнай краме. Акрамя таго, шэраг калоній, напрыклад віцебская ПК-3 «Віцьба», увялі правіла аплаты доўгатэрміновых спатканняў да трох сутак толькі з асабовага рахунку асуджанага. Пры гэтым грошы на рахунку зняволенага павінны быць не пазней чым за 10 дзён да спаткання, інакш яно можа быць адменена.