Сабралі крыху грошыкаў.
На пашыраным пасяджэнні савета Магілёўскага абласнога філіяла грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, які прайшоў у панядзелак, былы ваенкам вобласці Аляксандр Гарошкін уручыў падзякі ўстановам, якія сабралі найбольшую колькасць гуманітарнай дапамогі для Курскай вобласці і рэгіёнам РФ пасля ваеннай аперацыі ВСУ, распачатай у жніўні мінулага года.
Дабрачынная акцыя “Спіна да спіны” па зборы дапамогі для “ахвяр баявых дзеянняў” праходзіла ў верасні мінулага года на працягу трох тыдняў. Для кіраўнікоў ячэек “Белай Русі” на прадпрыемствах, якія сабраліся на раду, стаў сюрпрызам напамін пра акцыю па фактычнай падтрымцы аднаго з ваюючых бакоў. Падзякі Аляксандр Гарошкін падпісаў уласным подпісам.
Палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Гарошкін, які ў дадзены момант узначальвае магілёўскае аддзяленне РГА “Белая Русь”, нагадаў, што ўсе сябры арганізацыі такім чынам “працягнулі руку дапамогі брацкаму народу Расіі” падчас вайны.
57-гадовы Гарошкін нарадзіўся ў сям’і ваеннага, а сваю кар’еру пачынаў матросам Чарнаморскага флоту. У 1991 годзе ён скончыў Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча, але афіцэрскую службу пачаў у Ленінградскай ваеннай акрузе. Пазней служыў на Крайняй Поўначы Расіі.
Ужо пасля канчатковага развалу СССР ён вярнуўся ў Беларусь, скончыў у 2001 годзе Ваенную акадэмію РБ і з таго часу працаваў у Магілёўскім ваенкамаце. У дадзены момант ён займае пасаду старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, дзе сярод іншага курыруе пытанні патрыятычнага выхавання на аснове беларуска-расійскіх пагадненняў аб супрацоўніцтве, член Савета Рэспублікі.