Людміла Гершанкова атрымала пасылку з незнаёмага адраса.

6 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Сям’і забітага ўладамі Ігара Гершанкова вярнулі яго рэчы. Як распавяла яго маці, Людміла, там былі фатаграфіі дзяцей, адзенне і брытвавы станок, якім ён карыстаўся ў СІЗА, пакуль яго не расстралялі.

Даслалі пасылку з незнаёмага адраса ў Гомельскай вобласці – пра гэта стала вядома, калі родныя адсачылі яе шлях праз сэрвіс «Белпошты». Хаця паводле канверта, адпраўнік знаходзіўся ў Глуску – невядомы Сідарэнка Антон Адамовіч

Цяпер Людміла Гершанкова спрабуе даведацца, хто насамрэч адаслаў ёй рэчы расстралянага сына. Гэта ўсё, што ёй застаецца – яго цела яна больш ніколі не ўбачыць. Як адзначае праваабаронца Андрэй Палуда, тое, што маці даслалі рэчы пакаранага – рэдкасць. Чалавек, прысуджаны да смяротнага пакарання ў Беларусі, часцяком «знікае бясследна». Магілёўцаў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога асудзілі на смяротнае пакаранне па справе так званых «чорных рыэлтараў» у ліпені 2017 года. Як мяркуецца, іх расстралялі 19-20 лістапада 2018 года. Родныя даведаліся пра пакаранне толькі праз тыдзень.

Яшчэ двое фігурантаў – Таццяна Гершанкова   і Барыс Калеснікаў – атрымалі 24 і 22 гады зняволення адпаведна.

Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.