У беларускіх папраўчых калоніях пры прыёме дазволеных рэжымам прадуктовых перадач вагой да 50 кг сталі выдаваць спецыяльныя баулы (на фота), якія потым пламбіруюць.

Прычына – крадзеж. Напрыклад, у мазырскай ПК-20 крадзеж прадуктаў харчавання асуджанымі дасягнуў такога ўзроўню, што пакінуты на тумбачцы без нагляду пачак печыва “знікае” за некалькі секунд. Адміністрацыя жорстка кантралюе, каб усе рэчы асуджаных захоўваліся ў капцёрцы, але, як сцвярджаюць вызваленыя, самі капцёршчыкі з ліку зняволеных набліжаных да адміністрацыі таксама крадуць нават там.

Адміністрацыя калоніі змагаецца з “паняццямі” і навязала асуджаным сістэму даносчыка адзін на аднаго. У выніку, злодзея не пакараць ні па “паняццях”, ні па законе. За фізічнае ўздзеянне над тым, хто здзейсніў крадзёж, пагражае ШІЗА, а злодзея проста адправяць у іншы атрад.

Цяпер кантралёры выдаюць сваякам асуджаных сумку, у якую складаюць усе 50 кг і ставяць пломбу. Складанасць у тым, што такі груз цяжка перанесці аднаму чалавеку.