«Беларусбанк» і іншыя банкі не змаглі наладзіць грашовыя пераводы з карт у папраўчыя калоніі. Дату аднаўлення паслугі перанеслі на 1 лютага.

Плацяжы ў папраўчыя калоніі не праходзяць ужо месяц, і калі праблема будзе вырашаная — пакуль незразумела. Тысячы асуджаных рызыкуюць застацца без грошай для «атаваркі» ў турэмнай краме і без аплаты доўгатэрміновых спатканняў.

Паводле інфармацыі MSPRING, і 20, і 21 студзеня, як абяцалася раней, пераводы праз банкаўскія прыкладанні «па рэквізітах» на бюджэтныя рахункі застаюцца забароненымі. Пра гэта паведамляюць самі супрацоўнікі «Беларусбанка». Асаблівасць папраўчых калоній у тым, што ўсе пераводы туды ажыццяўляюцца менавіта як плацяжы ў бюджэт.

Больш за тое, адказ «Плацеж забаронены» пачаў з’яўляцца і ў дадатку «Белаграпрамбанка», хаця раней лічылася, што праблема звязаная з правядзеннем тэхнічных работ «Беларусбанкам» у сувязі са змяненнем архітэктуры праграмнага забеспячэння, праз што перасталі працаваць ЕРІП і М-банкінг. Цяпер высвятляецца, што праблема значна глыбейшая.

Плацяжы, здзейсненыя з банкаўскіх карт іншых банкаў, спачатку спісваюцца з рахункаў кліентаў, але прыкладна праз 7–14 дзён масава вяртаюцца назад на рахункі адпраўнікоў. Сваякам асуджаных прапануюць дасылаць грошы праз пошту, аднак у такім выпадку зняволеныя, у дачыненні да якіх уведзены «прафулік» і якія знаходзяцца ў спісе «тэрарыстаў», застаюцца без сродкаў, бо ў паштовай сістэме ў дачыненні да іх дзейнічае аўтаматычная забарона на пераводы. Акрамя таго, пошта спаганяе камісію ў памеры 2 працэнтаў.

Пакуль адзіным выхадам застаецца спроба пералічэння грошай на рахункі калоній наяўнымі праз касы банкаўскіх аддзяленняў. У такіх выпадках грошы даходзяць у калоніі прыкладна на дзясяты дзень, аднак ці будуць яны залічаныя на асабовыя рахункі асуджаных або вернутыя, супрацоўнікі банкаў не ведаюць.