Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама 23 жніўня правяло электронны кірмаш вакансій. Пакуль што электроннае ў дзяржорганах працуе крыва. І так, здаецца, 300$ – гэта сярэдняя зарплата ў горадзе.

Цэнтр занятасці раскручвае электронную пляцоўку e-vacancy.by. Ідэя выдатная, але рэалізацыя ставіць у тупік: сайт працуе толькі падчас правядзення кірмашу – гэта значыць, з 10:00 раніцы і да 12:00 гадзін раз у месяц. Такім чынам, беспрацоўныя павінны, як мінімум, мець гаджэт для ўваходу ў інтэрнэт і пільнаваць пачатак працы сэрвісу.

Абяцалася, што доступ да актуальных вакансіяў захаваецца і пасля заканчэння электроннага кірмашу, але насамрэч гэта не так. Сайт службы занятасці бескампрамісна выдаваў паведамленне “Вакансіі публікуюцца толькі падчас паводзінаў кірмашу“. У астатні час тамака вісяць толькі анонсы.

Сярод патэнцыйных працадаўцаў першым нумарам у магілёўскім анонсе значылася ААТ «Зеніт», і мы вырашылі пацікавіцца прапанаванымі заробкамі на заводзе, зазірнуўшы на афіцыйны сайт прадпрыемства – там усе вакансіі захаваны.

Такім чынам, пры курсе даляра ЗША ў 3,16 руб. патрабуецца вядучы інжынер-канструктар з вышэйшай адукацыяй у аддзел галоўнага механіка на стаўку 900-950 рублёў. Гэта значыць, 284-300 $ (скрын прыкладаем).

Самая высокая зарплата на заводзе прапануецца прэсоўшчыку-вулканізатаршчыку (шкодныя ўмовы працы) – да 1800 руб або 570 $. А самая нізкая ў размеркавальніка работ – да 580 руб або 184 $.

Вывучыўшы падобныя вакансіі на іншых прадпрыемствах можам зрабіць выснову, што гэта “сярэдняя тэмпература па бальніцы”. Калі не скажаць рэальнасць “прыгожымі паказчыкамі”, у сярэднім магіляўчане працуюць за 300$.