З-за каментара на Youtube.

Суд Ленінскага раёна Магілёва 21 чэрвеня прыгаварыў былога палітвязня Паўла Белагалова да рэальнага пазбаўлення волі з-за «паклёпу ў дачыненні да Лукашэнкі».

Згодна з матэрыяламі справы, у лістападзе 2020 года Белагалоў пакінуў пад адным з відэа на Youtube негатыўны каментар у бок Лукашэнкі.

На думку дзяржаўнага абвінаваўцы Алены Ісакавай, якая раней неаднаразова ўдзельнічала ў палітычных працэсах, каментар утрымліваў

«заведама ілжывыя выдумкі, якія ганьбяць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, …спалучаныя з абвінавачаннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, накіраваныя на падрыў яго аўтарытэту і фарміраванне яго негатыўнага вобраза».

Суддзя Таццяна Рахманенка палічыла віну Паўла Белагалова даказанай і прысудзіла яму да 3 гадоў і 4 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У гэты тэрмін увайшоў таксама перыяд «неадбытага пакарання» пасля папярэдняга палітычнага прысуда Паўла Белагалова.

Нагадаем, што ўпершыню 36-гадовага магілёўца судзілі ў жніўні 2022 года. Тады суд Дрыбінскага раёна прысудзіў мужчыне 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ) — тады яго прызналі вінаватым у тым, што ён у 2020 годзе пакінуў непрыстойны каментар «УКантакце» ў дачыненні да сілавіка, а таксама ў тым, што ў 2021 годзе ён негатыўна выказаўся на адрас застрэленага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка (так званая «справа Зельцэра»).

Вызваліўся Белагалоў у кастрычніку 2023 года. Пакаранне ён адбываў у ПК-1 Наваполацка.

Паўторна яго затрымалі ў лютым 2024 года. У тым жа месяцы над ім адбыўся суд па адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.11 КаАП РБ. Тады суддзя суда Ленінскага раёна Наталля Панасенка прызнала яго невінаватым у «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП РБ).