Даеш камедыю пра Пазняка!
19 красавіка. Магілёў. Цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі
19 красавіка мы паказалі ў цэнтры «Кола» «Смерць Сталіна». Насмешкі над культам асобы, забарона фільма ў Расіі і абмежаваны пракат у Беларусі сталі выдатнай падставай для дыскусіі пасля фільма.
Мы прапанавалі нашым гледачам пагутарыць пра тое, наколькі прымальна здымаць такія фільмы, ці ёсць людзі, над якімі нельга смяяцца і ці можна цэнзураваць мастацтва. Зразумела, што цалкам прывесці гутарку тут мы не можам, аднак дзясятачку лепшых цытат для вас мы сабралі.
![]()
«Фільм «Смерць Сталіна» мне было цяжка ўспрымаць як камедыю. У ім паказаны страшныя часы, калі ўлада магла расстрэльваць людзей без суда і следства. Тое, што фільм зняты ў жанры камедыі толькі ўзмацняе адчуванне жаху ад таго, што адбывалася ў тыя часы. Гэта было не смешна».
![]()
«Я разумею, чаму фільм забаранілі ў Расіі – Пуцін не жадае паказваць народу сябе і сваё асяроддзе. У Беларусі, дарэчы, такога няма – Лукашэнка трывала трымае ўладу, вакол яго няма людзей, якія маглі б прэтэндаваць на пасаду. Таму ў фільме яму няма чаго баяцца. А вось у Пуціна вакол мноства алігархаў, старшыняў розных службаў, якія канкуруюць паміж сабой. Паралелі з фільмам напрошваюцца ў такім выпадку самі сабой».
![]()
«Магчыма, нават добра, што фільм «Смерць Сталіна» у Расеі забаранілі. Інакш з іх імкненнем крыўдзіца на усё гэта магло скончыцца падрывам і спальваннем кінатэатраў, як гэта было ў выпадку з «Мацільдай».
![]()
«Цэнзура ў мастацтве можа быць толькі ў тых выпадках, калі заклікаюць да забойстваў, тэрарызму, экстрэмізму. “Майн Кампф” Гітлера – прыклад таго, што трэба цэнзураваць. Аднак калі здымаюцца сатырычныя фільмы або пішуцца кнігі пра ўладу, то тут ніякай цэнзуры быць не павінна”.
![]()
«Ва Украіне забаранілі расійскія серыялы, бо там ідзе фактычна вайна з РФ. Яны лепш за ўсё ведаюць, як можа пранікаць прапаганда. Вазьміце серыял «Салдаты», які круцяць да гэтага часу. Там людзі ў ваеннай форме з расійскім трыкалорам размаўляюць на рускай мове, вырашаюць праблемы, якія камусьці могуць здацца блізкімі. Вядома, гэта вядзе да таго, што вось гэтых вось «салдат» потым будуць успрымаць ледзь не як сваіх. А потым можа рэзка здарыцца Крым».
![]()
«Інфармацыйная вайна Расеі і Беларусі ідзе ўжо даўно. Я нядаўна прачытала кнігу і некалькі артыкулаў пра метады прапаганды і маніпуляцыі і выявіла, што ўсё гэта ідзе вельмі даўно з боку Расеі. Нас ужо доўгі час апрацоўваюць. Нажаль, у Беларусі ў людзей не хапае культуры спажывання інфармацыі, каб разумець, дзе праўда, а дзе – прапаганда».
![]()
«У свеце і гісторыі няма ніводнага чалавека, над якім нельга было б смяяцца і здымаць падобныя да “Смерці Сталіна” фільмы. Хіба што Ісус Хрыстос».
![]()
«Я быў бы не супраць, калі б падобную камедыю знялі пра Зянона Пазняка. Ён сам неяк казаў, што добра ставіцца да гумару. Любых палітыкаў трэба правяраць смехам, моцныя лідэры вытрымаюць і яшчэ самі пасмяюцца. Акрамя таго, калі пра палітыка жартуюць – значыць пра яго ведаюць. Так што камедыя пра Пазняка, я думаю, была б нават карысная яму».
![]()
«У Лукашэнкі ёсьць яго любімы анекдот. Значыцца, адкрывае Аляксандр Рыгоравіч дзверы халадзільніка, а там трасецца яго любімае жэле. Ён уздыхае і кажа:
– Ды не трасісь ты ужо, я за сырам».
![]()
«Сатыра абавязкова патрэбна, без яе ў дзяржаве можа здарыцца выбух. Камедыі, анекдоты, жарты над уладай дапамагаюць людзям прасцей да яе ставіцца, каб яна не тварыла. Калі забараняюць смяяцца, пратэстныя настроі разрастаюцца хутчэй».
![]()