«Вячэрні Магілёў» заклікаў магілёўцаў прыйсці на хросны ход супраць «садомскай ідэалогіі»

Шэсце ў абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў арганізуе Магілёўская епархія.

13 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі/ photo – mogeparhia.by


«Вячэрні Магілёў» запрасіў магілёўцаў прайсці хросным ходам «у абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў», які арганізуе цэнтр абароны мацярынства і дзяцінства пры Магілёўскай епархіі.

Адбудзецца ён 16 сакавіка ў 9 гадзін па маршруце ад храма святых Іякіма і Ганны (Чавуская шаша, 1) і да храма ў гонар Іконы Божай Маці «Усецарыца» у Казіміраўцы.

На думку выдання, стварэнне і захаванне сям’і ў сучасным свеце з’яўляецца вельмі сур’ёзнай праблемай «у сілу разбурэння традыцыйных каштоўнасцяў, зневажання духоўнасці і маральнасці».

– …Носьбітамі, прыхільнікамі і апекунамі садомскай ідэалогіі наносіцца непапраўная шкода існаванню нашага беларускага грамадства, разбураецца асноўны сацыяльны капітал. Захаваем сям’ю — захаваем дзяржаву і родную Беларусь, – заяўляе газета.

«Вячэрні Магілёў» – адыёзнае выданне, якое атрымала скандальную славу дзякуючы зневажальнаму артыкулу пра затрыманага трансгендара восенню 2015 года.

Пасля гэтага градус рос – газета заяўляла, што Кіеў будзе затоплены, што футбол прыдумаў д’ябал, што на захадзе Беларусі жыве больш за ўсё вычварэнцаў, што дзедаўшчына ў войску пагражае толькі малапісьменным і слабахарактарным і што хлопец, які надрапаў гамафобнае слова на чужой машыне мае правільныя паняцці.

¯\ _(ツ)_ /¯.