Новая падатковая інспекцыя Магілёва: стала багата, хораша і … праблемна (ФОТА)

Хоць стараліся для народа, але выйшла ўсё доўга і нязручна.

5 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько. Фота аўтара


Перыяд падачы падатковых дэкларацый за мінулы год скончыцца ў Беларусі 1 красавіка. Як правіла, самыя свядомыя магілёўцы пачынаюць даваць справаздачу аб сваім фінансавым стане ў канцы студзеня. Астатнія вадкім раўчуком падцягваюцца да сваіх інспектараў у лютым, а самыя гультаяватыя рызыкуюць завіснуць ў чэргах. Прычынай таму – клопат пра плацельшчыкаў, якіх падаткавікі пастаянна хочуць здзівіць.

Падатковая інспекцыя па Ленінскім раёне горада Магілёва, якая з даўніх часоў размяшчаецца па адрасе Касманаўтаў 19, цалкам перафарматавала сваю працу. Цяпер увайшоўшы ў будынак грамадзянін адразу ідзе налева – на першым паверсе арганізаваны досыць прасторны «Цэнтр абслугоўвання плацельшчыкаў». Пасля рамонту памяшканне выглядае проста шыкоўна.

Акрамя рамонту, як высвятляецца, нічога добрага не атрымалася. Зручней і лягчэй не стала. Калі раней прадпрымальнікі і прыватныя асобы хадзілі па паверхах і па гадзіне чакалі прыёму ў свайго інспектара, то зараз яны падаюць дэкларацыі ў так званае «Адно акно» і чакаюць пару дзён. Гэтым «акном» аказваецца клерк, які сам мала разумее ў нюансах пададзеных справаздачных дакументаў і толькі выконвае дыспетчарскія функцыі па перанакіраванню папер у адрас старога добрага інспектара. Да жаху тых, хто справаздачыцца, гэта лішняе звяно задае плойму зусім дурных пытанняў і кожную дробязь удакладняе па тэлефоне ў начальніка.

У рэшце рэшт «адно акно» абяцае паведаміць пра тое, калі паведамленне аб выплаце падатку будзе гатова ( раней без лішняга пафасу інспектар выдаваў яго прама ў дзень падачы дэкларацыі). Але затое ў «Цэнтры абслугоўвання плацельшчыкаў» ёсць модная электронная чарга і прыгожа аформлены вялікі хол.

Цікава, што пасля глабальнага рамонту ў вялікім прыгожым холе нават з’явілася дзіцячая гульнявая зона. Амаль як у гіпер-маркетах. Толькі ў крамах такія месцы для дзяцей намякаюць на тое, што бацькі будуць хадзіць па краме вельмі доўга. Мяркуючы па ўсім, падатковая інспекцыя намякае, што тут таксама прыйдзецца завіснуць на нейкі час. Але ж тады ў чым сутнасць рэарганізацыі?

Не менш міла выглядае і зона для электроннай падачы дэкларацый. У спецыяльна адведзеным кутку стаяць тры кампутара, якія перыядычна пачынаюць працаваць з праблемамі. Быццам бы ўсё павінна палегчыць працу інспектараў і паменшыць іх колькасць. Але на практыцы да кампутарнага кутку прыстаўлены адмысловы чалавек, які можа патлумачыць, як падаць электронную дэкларацыю і можа выклікаць яшчэ аднаго спецыяліста-тэхніка, калі раптам абсталяванне завісне. Абстаноўка з-за гэтага некалькі нярвовая.

Наведвальнікі падатковай інспекцыі на ўсё гэта глядзяць некалькі здзіўлена. З аднаго боку, навізна – гэта заўсёды прыгожа, а з другога – яны вымушаныя выслухоўваць прабачэнні сваіх інспектараў, якія таксама разумеюць, што «зробленае для народа» трошкі ўскладніла ім жыццё. Але галоўнае, на што звяртаеш зараз увагу ў абноўленай падатковай, гэта нятанны рамонт, зроблены відавочна якраз за сродкі падаткаплацельшчыкаў. Улічваючы, што народу ўжо не трэба хадзіць па паверхах, сёе-тое падаткавікі зрабілі для сябе. Напрыклад, вытанчана ходзяць па граніце і мармуры лесвіцаў.

Для параўнання, вось так выглядала інспекцыя па падатках і зборах да нядаўняга часу

Зрэшты, нельга сказаць, што падаткавікі ігнаруюць інтарэсы грамадзян.Напрыклад, ляўваходу ў будынакняма пандуса, затое ёсць выдатны ліфтавы пад’ёмнік – новы еўрапейскі подых, пра правы людзей з інваліднасцю памятаюць.

Яшчэ б даць гэтым людзям магчымасць адэкватна зарабляць, тады яны б нават пачалі гэтым прыстасаваннем карыстацца.