Затрыманы Аляксандр Таланкоў.

6 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі / photo – mogilev.mvd.gov.by


Кацярына Таланкова, якая была сябрам ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай, распавяла, што днём 6 жніўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі яе мужа Аляксандра Таланкова.

– Мы збіраліся сёння везці ў Мінск давераную асобу Святланы Ціханоўскай Таццяну Сівачэнку, у штаб. Усё было законна, ніякіх праблем – забраць агітацыйныя матэрыялы, перагаварыць. Дамовіліся пра ўсё ўчора. Сёння, калі муж выязджаў з працы, яго спынілі, затрымалі і даставілі ў Ленінскі РАУС. Нагода – нібыта аўтамабіль знаходзіцца ва ўгоне, – распавяла Кацярына.

Адзначым, што гэта ўжо другі выпадак за два дні, калі міліцыя выкарыстоўвае падазрэнне пра нібыта змешчаны ва ўгон аўтамабіль як падставу для затрымання. Увечары 5 жніўня з такой жа фармулёўкай ў Ленінскі РАУС даставілі праваабаронцу і журналіста Аляксандра Буракова.

Кацярына і Аляксандр раней ужо сутыкаліся з ціскам з боку міліцыі.

Тады падставай стаў «кейс Ціханоўскай», калі магілёўцы змаглі 5 мая адбіць у супрацоўнікаў МУС каманду Youtube-канала «Краіна для жыцця» на Віцебскім праспекце. У дачыненні да Кацярыны, як і дзясяткаў іншых чалавек, была распачата адміністрацыйная справа за нібыта “удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», аднак справу спынілі.