Моладзевы амбасадар ААН у Беларусі здзекуецца з прафесара-сацыёлага з Магілёва і граміць «змагароў».

У пятніцу на магілёўскім рэгіянальным тэлеканале (Беларусь-4 Магілёў) выйшаў у эфір чарговы выпуск праграмы “Усё па справе“. Убачанае некалькі збянтэжыла супрацоўнікаў UNICEF у Беларусі, якія даведаліся ў вядучай – Віталіне Петрусевіч – былога маладзёжнага пасла Мэт устойлівага развіцця ААН. Дзяўчына з Касцюковіч, падчас навучання на эканамічным факультэце БДУ, некалі актыўна змагалася з няроўнасцю і падавала вялікія надзеі.

“Змяньшэнне няроўнасці” – гэта мэта №10 ААН, якую яна выбрала свядома. Усяго чатыры гады таму яна імкнулася аб’яднаць прадстаўнікоў розных сацыяльных пластоў, падлог і ўзростаў, заклікала да міру і згоды.

Але ў красавіку 2023 года прапагандыстка Віталіна Петрусевіч ужо думае па-іншаму. «Падплінтусныя барацьбіты», «тыповыя змагары», «бчб-шнікі», «каардынацыйная рада Светкі Ціханоўскай» і іншыя падобныя выразы дзяўчына ўжывае на адрас людзей, якія палічылі, што выбары ў краіне павінны быць празрыстымі і сумленнымі.

Не без здзеку свой гнеў яна выліла на сацыёлага Юрыя Бубнова, што знаходзіцца ў дадзены момант у магілёўскім СІЗА, які 25 гадоў жыцця аддаў кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага універсітэта харчавання (цяпер універсітэт тэхналогій).

У відэасюжэце Віталіны Петрусевіч былі выкарыстаныя міліцэйскія відэакадры допыту прафесара, які актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада. “Суцэльныя абразы і хлусня ў адрас кіраўніка дзяржавы“, “у 2021 годзе падтрымліваў адносіны з прыхільнікамі радыкальных мер па змене ўлады“, – вінаваціла прапагандыстка апальнага навукоўца.

Для прапагандысцкага відэа з асуджэннем калегі нават прымусілі выступіць вядомага гісторыка, экс-дырэктара Музея гісторыі Магілёва Ігара Пушкіна. Пакаяўся на відэа і прафесар кафедры замежных моў МДУ імя Куляшова Яўген Іваноў.

У сваім матэрыяле некалі моладзевы амбасадар ААН граміць яшчэ і няўрадавыя арганізацыі (NGO). Але зусім нядаўна яна сама стварала моладзевую арганізацыю. На сайце UNICEF можна прачытаць, як у Касцюковічах, родным горадзе юнай Віталіны, у лютым 2019 года праходзіў Фестываль дзіцячых і моладзевых ініцыятываў у інтарэсах устойлівага развіцця «Дзейнічаем разам». Дзяўчына тады прэзентавала сваю ініцыятыву “Стварэнне маладзёжнай грамадскай арганізацыі па ўстойлівым развіцці (МГАУР)“.

А дапамагала ёй у гэтым маці – на той момант ужо намеснік старшыні Касцюковіцкага райвыканкама Ірына Іванаўна Петрусевіч. У гэтае высокае па правінцыйных мерках крэсла новаспечаная чыноўніца трапіла з пасады галоўнага рэдактара мясцовай дзяржаўнай газеты «Голас Касцюкоўшчыны», дзе адпрацавала амаль 20 гадоў.

Пакуль яе дачка вучылася ў мясцовай гімназіі, журналістка вітала ўсякую актыўнасць у межах еўрапейскіх праектаў. «Голас Касцюкоўшчыны» актыўна агітаваў у райцэнтры, напрыклад, за праект ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», гаворка ішла пра грант у 18000 долараў ЗША. Але паралельна Ірына Петрусевіч упісалася кіраўніком мясцовага аддзялення таварыства «Веды», якое перыядычна прамывае мазгі ідэолагам.

Не адставаў і тата дзяўчынкі. Падпалкоўнік унутранай службы начальнік Касцюковіцкага райаддзела МНС Уладзімір Петрусевіч быў старшынёй Касцюковіцкага райсавета дэпутатаў.

Зразумела, што ўсе ініцыятывы дачкі пад любой падліўкай прымаліся мясцовай уладай «на ўра». Сям’я наогул лічылася дастаткова прасунутай для правінцыі. Але толькі да 2020 году.

21 студзеня 2020 года, за паўгады да прэзідэнцкіх выбараў, Магілёву была прадстаўлена новая галоўная рэдактарка інфармагенцтва “Магілёўскія ведамасці“. І гэта была Ірына Петрусевіч. Дзяржаўнае агенцтва «БелТА» нават не пасаромелася апублікаваць фота з асобамі будучых падначаленых новай зоркі з Касцюковічаў. У мясцовага газет-бамонду прызначэнне выклікала шок, тролінг «БелТА» аказаўся заліковым.

Для “правільнага асвятлення” прэзідэнцкай кампаніі яна змяніла на гэтай пасадзе Святлану Шутаву, якая з’ехала служыць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў у Мінск. Святлана Шутава сапраўды была калісьці вядомай рэгіянальнай радыё-журналісткай, якая смела гаварыла праўду слухачам. Але толькі пакуль гэта нічым не пагражала. Потым яе калегі прызнаваліся, што ім сорамна з ёй вітацца, змяніла свае погляды на дыяметральна супрацьлеглыя.

Да 22-гадовай Віталіны калегі па працы таксама не надта добра ставяцца. Яна можа “падседзець” любога рэдактара і нават кіруючую крэатуру цяперашняга дырэктара “БелТА” Ірыны Акуловіч, чаго традыцыйна баяцца на мясцовым радыё і ТБ.

Як сцвярджаюць яе канкурэнты, дзяўчына не змагла ўчапіцца за Мінск. У Магілёве яна проста “добра сядзіць за мамінай спіной“. Тое ж самае кажуць і пра яе бацьку – Уладзімір Петрусевіч у верасні 2020 года быў пераведзены ў Магілёў, дзе стаў намеснікам начальніка гарадскога ўпраўлення.