Надзея Леўчанка назвала ЛГБТ «пачварамі» і «перакрутамі». Актывіст Валянцін Цішко адрэагаваў заявай у Следчы камітэт.
13 лістапада. Магілёў-Маладзечна. Алесь Святліцкі
Напрыканцы кастрычніка газета «Вячэрні Магілёў» апублікавала матэрыял «Чаму замежнікі павінны нас вучыць, як гадаваць дзяцей». У ім аўтар Ігаэль Йягуда абвінаваціў ЛГБТ і гендэрную палітыку дзяржавы ў «разбэшчанасці дзяцей», «прыёме вычварэнцаў на працу» і «падрыхтоўцы навальнят».
ЛГБТ-актывіст Валянцін Цішко адрэагаваў скаргамі ў КДБ, Міністэрства інфармацыі і пракуратуру, пра што мы пісалі 1 лістапада.
3 лістапада партал TUT.by папрасіў пракаментаваць сітуацыю галоўнага рэдактара «Вячоркі» Надзею Леўчанку.Жанчына адказала абразамі ў адрас ЛГБТ-супольнасці:
«Паглядзіце Кодэкс аб сям’і. У нас нідзе не напісана штосьці пра гэтых вычварэнцаў. Ну ня падабаецца ім нешта – хай едуць у Германію, выходзяць замуж, жэняцца на такіх жа, як самі, вырадках. У перапіску я з імі не ўступаю – шмат гонару для іх. Чаму ў нас можна выйсці на плошчу ў Менску, выступаць супраць урада, трансляваць гэта на ўсіх сайтах? А як кранеш педэрастаў – усё, выццё поўнае. Што гэта за каста недатыкальных? Як быццам у нас праблем больш няма: колькі дзяцей у хоспісах, колькі старых, хворых, экалогія якая, дармаеды нейкія. Ну бегае сярод іх некалькі вычварэнцаў. Гэта ганебная з’ява. І ранней ад гэтага лячылі. І цяпер іх лячыць трэба. Ну маеце вы свае гэтыя скрыўленні – так сядзіце з імі дома ў сваёй спальні, ня трэба гэта выносіць напаказ. Гэта палавая распуста. Трэба ўмацаваць інстытут сям’і, шлюбу. У рэшце рэшт, у нас дэмаграфічная сітуацыя падае. Калі яны будуць жыць сумесна, хто ў нас дзяцей нараджаць будзе?».
Валянцін Цішко лічыць, што галоўны рэдактар абласнога выданні не павінна дазваляць сабе такія выказванні. Ён накіраваў у Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта заяву з просьбай праверыць словы Надзеі Леўчанкі на распальванне варожасці. Калі СК прызнае правату Цішко, супраць галоўрэда «Вячоркі» могуць распачаць крымінальную справу.
– Складанасць у тым, што закон у Беларусі не прадугледжвае прамой адказнасці за распальванне варожасці на глебе сэксуальнай арыентацыі. Затое можна прыцягнуць да адказнасці за распальванне варожасці па сацыяльных і іншых прыкметах. У гэтыя вось “іншыя” прыкметы, я лічу, можна ўключыць і выказванні Надзеі Леўчанкі, – лічыць Цішко.
Ён дапускае, што рэдактар газеты пазбегне пакарання, аднак упэўнены – каментар, які дазволіла сабе Леўчанка, па-за ўвагай пакідаць нельга:
– Я ўсё ж такі спадзяюся, што яе прыцягнуць да адказнасці. Але нават калі не – усё роўна на такія рэчы трэба рэагаваць, – паведаміў актывіст.