Блогер дапамог магілёўскай Ратушы запусціць віртуальную экскурсію падчас пандэміі. Так ён заклікае падтрымаць ўстанову грашыма

Мясцовы медыяінфлюэнсер Дзяніс Васількоў прапануе прайсці экскурсію і заплаціць віртуальна.

9 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Дзяніс Васількоў папрасіў сваіх сяброў-журналістаў Аліну Скрэбунову і Аляксандра Сідарэўскага запісаць відэа-экскурсію ў Музеі гісторыі Магілёва (Ратушы), каб падчас самаізаляцыі беларусы маглі віртуальна наведаць экспазіцыю ўстановы.

Экскурсію правяла старэйшая навуковая супрацоўніца музея Алена Марзалюк (так, гэта жонка таго самага дэпутата).

Таксама Васількоў запусціў збор грошай на платформе MolaMola, каб гараджане маглі падтрымаць ўстанову культуры.

– Вы зможаце ўбачыць экспазіцыю музея, даведацца пра гісторыю Магілёва, агледзець гадзіннікавы механізм і пачуць гісторыю яго стварэння ад гадзіннікавага майстра Генадзя Галоўчык.

За прагляд не патрабуецца плаціць, але калі вам спадабалася і вы хочаце падтрымаць музей – здзейсніце любы плацёж. Калі сітуацыя стабілізуецца – усе сабраныя грошы за вылікам 6% Моlamola я занясу ў касу музея. Пра гэта я раскажу на гэтай старонцы і ў сацсетках, – заклікаў магілёўцаў Дзяніс Васількоў.

Старонка кампаніі на сайце MOLAMOLA.