27 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Магілёва судзілі яшчэ аднаго вядучага сакавіцкага Марша недармаедаў.
27 сакавіка. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі
Аляксандра Страха затрымалі ўвечары 24 сакавіка. Яго даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе маёр Яўген Слаўнікаў склаў на яго пратакол за ўдзел у незаконным мітынгу па ч.1 арт. 23.34 КаАП. Затым актывіста даставілі ў магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня. Судзіць Страха павінны былі 27 сакавіка, пры гэтым дакладны час пачатку працэсу было невядомы.
– Склалася ўражанне, што суд і міліцыя зрабілі ўсё, каб журналісты і праваабаронцы не даведаліся, калі пачнецца працэс і не патрапілі на яго. У ІЧУ інфармацыю адмовіліся даць. У канцылярыі суда адмовіліся сказаць, паступілі матэрыялы па справе Страху да іх ці не. У выніку Аляксандра Іванавіча прывезлі на грамадзянскай машыне чорнага колеру, асобна ад ўсіх падчас абедзеннага перапынку. Пры тым, што ўсіх «сутачнікаў» прывезлі ў 12 дня ў звычайным аўтазаку, – распавёў праваабаронца Барыс Бухель.
Судзіў Страха суддзя Ігар Шведаў. Падчас працэсу актывіст заявіў хадайніцтва аб прадастаўленні часу для пошуку абаронцы. Шведаў хадайніцтва задаволіў і даў пенсіянеру суткі для гэтага – разгляд справы працягнецца 28 сакавіка ў 14:15.
Пасля суда Аляксандр Страх распавёў mspring.online, як менавіта яго затрымалі.