Крымінальная справа Дзмітрыева Цімафеева ўжо накіравана ў суд Ленінскага раёна.
У Магілёве за абразу супрацоўніка ДАІ з Бабруйска Віталія Паддубскага будуць судзіць блогера Дзмітрыя Цімафеева. Яго абвінавачваюць у злачынстве па арт. 369 КК РБ за тое, што ён назваў аўтаінспектара «злачынцам».
Падставай для крымінальнай справы стала інтэрв’ю Цімафеева, якое ён даў парталу 6tv.by пасля абскарджвання свайго арышту ў магілёўскім абласным судзе 15 чэрвеня 2020 года.
Блогер на відэа раскрытыкаваў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымалі яго ў Бабруйску падчас «Антыпарада», які ініцыяваў палітык Сяргей Ціханоўскі. Адным з міліцыянтаў, які меў дачыненне да затрымання Цімафеева і трапіў пад яго крытыку, быў начальнік аддзела ДАІ Бабруйска Віталь Паддубскі.
Згодна з матэрыяламі справы, блогер Дзмітрый Цімафееў «выказаў абразы» ў дачыненні да Паддубскага, прамовіўшы на яго адрас фразы «вы не супрацоўнік ДАІ», «…гэта стыдоба…», «…такіх нездараў вельмі шмат...», «…вы злачынец…».
Характэрна, што ў самім відэа Цімафееў падкрэсліў, што ён не абражае супрацоўніка ДАІ:
«Калі вы цяпер на мяне зараз падаеце ў суд за абразу, я вас не абражаў. Я канстатую факты, якія кажуць мне людзі», – заяўляў блогер.
У матэрыялах справы таксама адзначаецца, што раней Цімафееў ужо быў судзімы па крымінальным артыкуле – у сакавіку 2020 года яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь па артыкуле 189 КК РБ.
З ЧАГО УСЁ ПАЧАЛОСЯ?
9 мая 2020 года Зміцер Цімафееў прыехаў у Бабруйск, каб ускласці вянок да танка-помніка на магіле генерала Бахарава, які вызваляў Баранавічы ад нацысцкіх захопнікаў, а таксама сустрэцца з падпісантамі свайго Youtube-канала. Пасля гэтага ён збіраўся наведацца ў госці да блогера Андрэя Павука з Кастрычніцкага.
Аднак супрацоўнікі міліцыі палічылі, што блогер прымае ўдзел у акцыі «Антыпарад», якую анансаваў блогер і палітык Сяргей Ціханоўскі. Байцы АМАП гвалтоўна выцягнулі Цімафеева з аўтамабіля і даставілі спачатку ў ДАІ, а потым у РАУС.
Суд прызначыў яму 12 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Таксама бабруйскія інспектары ДАІ склалі на яго яшчэ два пратаколы – за беспадстаўны гукавы сігнал і лішнія налепкі на кузаве аўтамабіля, які выкарыстоўваецца ў камерцыйных мэтах.
Аб тым, што паплечнікі Сяргея Ціханоўскага рыхтуюць так званы «Антыпарад» у Бабруйску, Цімафееў, як ён сцвярджае, нават не ведаў.