«Вячэрні Магілёў» апублікаваў адкрыты ліст у Міністэрства аховы здароўя. Супраць кантрацэпцыі, абортаў, ЭКА і інфармацыйных стэндаў пра СНІД

Сярод навінаў пра выбары прапусцілі важнае.

16 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Дырэктар дабрачыннага фонду, пралайф-арганізацыі «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч апублікаваў на сайце газеты «Вячэрні Магілёў» адкрыты ліст у Міністэрства аховы здароўя.

У паўтары тысячах слоў Валаховіч прапанаваў чыноўнікам радыкальна перагледзець падыход да пытанняў «мацярынства і дзяцінства, традыцыйных сямейных каштоўнасцяў». Па словах Валаховіч, звязана гэта з «абмеркаваннем нацыянальнай стратэгіі планавання сям’і».

«Адкрытыя сэрцы» заклікаюць Міністэрства аховы здароўя «спыніць агрэсіўна навязваць кантрацэпцыю: як на прыёме ўрача, так і на розных інфармацыйных мерапрыемствах, гутарках і г.д., уключаючы прафілактыку ВІЧ».

На думку дырэктара фонду, адзін са шляхоў – забараніць размяшчаць прэзерватывы і лубрыканты на касах крамаў.

«Інструкцыі Міністэрства аховы здароўя з нагоды размяшчэння прэзерватываў ва ўсіх прадуктовых крамах на ўзроўні дзіцячых вачэй з’яўляюцца цалкам дэструктыўнай з’явай для нацыянальнай дэмаграфічнай бяспекі», – упэўнены Валаховіч.

Акрамя таго, дабрачынны фонд абураны візуальнымі метадамі прафілактыкі СНІД/ВІЧ.

«Просім таксама звярнуць увагу на бесперашкоднае распаўсюджванне непрыстойных плакатаў, буклетаў і шчытоў ў сувязі з праблемай СНІДу. Нас турбуе пазначэнне на такіх плакатах прэзерватываў, шпрыцаў, магчымасці гомасэксуальных кантактаў і выпадковых палавых сувязяў», – пазначана ў адкрытым лісты ў Міністэрства аховы здароўя.

Недвухсэнсоўна артыкул у газеце выступае супраць ЭКА (экстракарпаральнага апладнення). У якасці доваду, «Адкрытыя сэрцы» прыводзяць лічбы, паводле якіх «у 1970-м годзе ў Беларусі было 10 тыс. дзяцей-інвалідаў, цяпер – 30 тыс».

«Колькі з іх зачатыя пры дапамозе ЭКА?» – пытаецца Валаховіч. – «Рэальная шкода працэдуры ЭКА і сурагатнага мацярынства для здароўя жанчын і дзяцей у канчатковым рахунку выльецца ў дадатковую нагрузку на рэспубліканскі бюджэт з прычыны непазбежных мер па псіхалагічнай, псіхіятрычнай і медыцынскай дапамогі для маці і, асабліва, дзяцей, якія нарадзіліся з дапамогай ЭКА і сурагатнага мацярынства».

Асобна ў артыкуле крытыкуюцца аборты. Уладзіслаў Валаховіч ў тэксце некалькі разоў просіць зрабіць больш жорсткім кантроль за імі, а таксама даць лекарам-акушэрам права выбару не рабіць аборт.

«Неабходна публічнае абмеркаванне і прафесійная дыскусія адносна абортаў як практыкі узаконенага забойства дзяцей, што прыводзіць да высокага ўзроўню разводаў у сем’ях і з’яўленню праблем са здароўем у жанчын», – лічыць дырэктар фонду.

У якасці альтэрнатывы Валаховіч прапанаваў уключыць у «працу па прафілактыцы абортаў, фарміраванню здаровай атмасферы для дзіцянараджэння на пастаяннай аснове такія прасямейныя і жызнеабарончыя арганізацыі, як Цэнтр «Матуля», «Мамалета»,«Радзіма», а таксама прадстаўнікоў Праваслаўнай і Каталіцкай царквы».