Як адзначылі актывісты ініцыятывы «Тутэйшы ровар», раварыст абавязаны рухацца па тратуары. Забараняць яму гэта рабіць – незаконна.

29 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі/Фота – facebook.com/tutrovar


Як адзначылі ў «Тутэйшым ровары», 29 красавіка супрацоўнікі дзяржаўнай аўтаінспекцыі ўчынілі «адлоў» веласіпедыстаў на пешаходнай вуліцы Ленінская.

Нагадаем, з верасня 2017 года ў Магілёве дзейнічае забарона на перамяшчэнне па Ленінскай на роварах. Уведзены ён быў па ініцыятыве гарадской камісіі па бяспецы дарожнага руху, каб «выключыць канфліктныя сітуацыі паміж раварыстамі і пешаходамі». Адпаведныя забараняльныя знакі ўсталявалі на ўсім працягу вуліцы, дзе яна перасякаецца з праезнай часткай.

Супрацоўнікі ДАІ, распавялі актывісты, зладзілі свой пост побач з ліцэем БРУ (Ленінская, 61) каля велапаркоўкі. Прадстаўнікі «Тутэйшага ровар» сталі сведкамі як мінімум аднаго выпісанага штрафу, а таксама шэрагу папярэджанняў раварыстам.

fb.com/tutrovar

Як паведамілі міліцыянты, падставай для аперацыі ДАІ стаў калектыўны зварот са скаргай.

Актывісты падчас размовы з супрацоўнікамі міліцыі папрасілі не даваць штрафы раварыстам, а абысціся папярэджаннямі:

Знакі забароны павесілі, а альтэрнатыўнага шляху раварыстам не прапанавалі. Ленінская ўсё яшчэ застаецца самай бяспечнай вуліцай для руху раварыстаў. Калі на Піянерскай правядуць велаполосу па праезнай частцы ці хаця б веладарожку па тратуары, мы ўпэўненыя, ні адзін раварыст не паедзе на Ленінскую. Плюс, згодна з беларускімі правіламі дарожнага руху, раварыст абавязаны рухацца па тратуары, а значыць, забараняць яму гэта рабіць – незаконна, – адзначылі ў «Тутэйшым ровары».