“Спроба ператварыць Магілёў у самы педэрастычны горад краіны”. “Вячэрні Магілёў” пазбег рашэння суда на нявызначаны тэрмін (ВІДЭА)

Суддзя Ленінскага суда Аляксандр Бушкевіч прыпыніў працэс над газетай. Актывісты пачалі збор подпісаў да прэзідэнта краіны, каб яго спынілі канчаткова.

11 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У ходзе паседжання суддзя Аляксандр Бушкевіч пацвердзіў, што выданне накіравала скаргу на рашэнне камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. 8 ліпеня скарга рэдакцыі паступіла ў суд мінскага эканамічнага суда. Газета нязгодная, што ў матэрыялах «У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў» і «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны» ёсць прыкметы экстрэмізму.

 

Юрыст выдання Станіслаў Леўчанка дапоўніў свае пярэчанні на працэсе. Ён заявіў, што экспертная камісія ў сваім заключэнні падмяняе паняцці, у тым ліку і тым, што разглядае ЛГБТ як сацыяльную групу:

– У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь ЛГБТ як сацыяльная група не вылучаюцца, – заявіў ён.

Акрамя таго, ён фактычна прыраўняў геяў да педафілаў:

З 849 дзяцей, якія пацярпелі ад дзеянняў педафілаў у 2018м – пачатку 2019-га года, каля 30% хлопчыкаў. Яны падвергліся сэксуальным замахам з боку мужчын нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, пры гэтым удзельная вага такіх злачынстваў узрастае, – заявіў падчас суду Леўчанка.

Таксама ён заявіў, што ў старажытнагрэчаскай мове словы «педэраст» і «педафіл» з’яўляюцца сінонімамі.

У канцы ён папрасіў прыпыніць працэс у сувязі з разглядам скаргі ў судзе мінскага эканамічнага суда. Яго апанент, супрацоўнік Ленінскага РАУС Яўген Слаўнікаў, хадайніцтва падтрымаў.

Калі суддзя Аляксандр Бушкевіч выдаліўся для прыняцця рашэння, адзін з прыхільнікаў «Вячэрняга Магілёва» запрасіў гледачоў пасля суда сабраць подпісы ў падтрымку газеты на імя прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Для гэтага ён раздаў жадаючым папяровыя варыянты дакумента.

«Мы не жадаем, каб у нас насаджаліся каштоўнасці ЛГБТ-супольнасці і праводзіліся гей-парады, каб вычварэнцы атрымалі магчымасць афармляць у ЗАГСе сваё распуснае сужыццё, усынаўляць нармальных дзяцей і нявечыць іх псіхіку, ламаць іх лёсы і разбэшчваць», – гаворыцца ў паведамленні.

У ім таксама сцвярджаецца, што «з дапамогай гэтага публічнага працэсу Магілёў хочуць ператварыць у самы педэрастычны горад Беларусі».

Па вяртанні суддзя Аляксандр Бушкевіч абвясціў рашэнне: працэс над «Вячэрнім Магілёвам» за экстрэмізм прыпынены да таго часу, пакуль сваё рашэнне не вынесе мінскі эканамічны суд.

Прыхільнікі газеты лічаць вынік часовай перамогай.