Суддзя Ленінскага суда Аляксандр Бушкевіч прыпыніў працэс над газетай. Актывісты пачалі збор подпісаў да прэзідэнта краіны, каб яго спынілі канчаткова.
11 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
У ходзе паседжання суддзя Аляксандр Бушкевіч пацвердзіў, што выданне накіравала скаргу на рашэнне камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. 8 ліпеня скарга рэдакцыі паступіла ў суд мінскага эканамічнага суда. Газета нязгодная, што ў матэрыялах «У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў» і «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны» ёсць прыкметы экстрэмізму.
Юрыст выдання Станіслаў Леўчанка дапоўніў свае пярэчанні на працэсе. Ён заявіў, што экспертная камісія ў сваім заключэнні падмяняе паняцці, у тым ліку і тым, што разглядае ЛГБТ як сацыяльную групу:
– У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь ЛГБТ як сацыяльная група не вылучаюцца, – заявіў ён.
Акрамя таго, ён фактычна прыраўняў геяў да педафілаў:
– З 849 дзяцей, якія пацярпелі ад дзеянняў педафілаў у 2018-ым – пачатку 2019-га года, каля 30% хлопчыкаў. Яны падвергліся сэксуальным замахам з боку мужчын нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, пры гэтым удзельная вага такіх злачынстваў узрастае, – заявіў падчас суду Леўчанка.
Таксама ён заявіў, што ў старажытнагрэчаскай мове словы «педэраст» і «педафіл» з’яўляюцца сінонімамі.
У канцы ён папрасіў прыпыніць працэс у сувязі з разглядам скаргі ў судзе мінскага эканамічнага суда. Яго апанент, супрацоўнік Ленінскага РАУС Яўген Слаўнікаў, хадайніцтва падтрымаў.
Калі суддзя Аляксандр Бушкевіч выдаліўся для прыняцця рашэння, адзін з прыхільнікаў «Вячэрняга Магілёва» запрасіў гледачоў пасля суда сабраць подпісы ў падтрымку газеты на імя прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Для гэтага ён раздаў жадаючым папяровыя варыянты дакумента.
«Мы не жадаем, каб у нас насаджаліся каштоўнасці ЛГБТ-супольнасці і праводзіліся гей-парады, каб вычварэнцы атрымалі магчымасць афармляць у ЗАГСе сваё распуснае сужыццё, усынаўляць нармальных дзяцей і нявечыць іх псіхіку, ламаць іх лёсы і разбэшчваць», – гаворыцца ў паведамленні.
У ім таксама сцвярджаецца, што «з дапамогай гэтага публічнага працэсу Магілёў хочуць ператварыць у самы педэрастычны горад Беларусі».
Па вяртанні суддзя Аляксандр Бушкевіч абвясціў рашэнне: працэс над «Вячэрнім Магілёвам» за экстрэмізм прыпынены да таго часу, пакуль сваё рашэнне не вынесе мінскі эканамічны суд.
Прыхільнікі газеты лічаць вынік часовай перамогай.