У склад участковых выбаркамаў уключылі мемных персанажаў – кагосьці абралі таму, што ён «прапагандуе здаровы лад жыцця» або «мае творчы падыход да справы».
2 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі / На фота – жарт гумару
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
Для пачатку кароткі лікбез: парламенцкія выбары, якія пройдуць 17 лістапада (і на якія большасці магілёўцаў адкрыта напляваць) кантралююцца выбарчымі камісіямі.
На чале ідзе Цэнтрвыбаркам – вы павінны памятаць гэтую абрэвіятуру хаця б таму, што яго ўзначальвае галоўны апалагет боршчаварэння ў краіне Лідзія Ярмошына.
Узровень ніжэй – Магілёўская абласная выбарчая камісія. Яна як «Тотэнхэм» – сур’ёзна да яе ставіцца складана, але на рэгіянальным узроўні менавіта яна з’яўляецца канчатковай інстанцыяй, куды могуць паскардзіцца вылучэнцы, кандыдаты ці выбаршчыкі.
Наступны ўзровень – акруговыя камісіі (АВК), якіх у Магілёве чатыры штукі, па дзве ў кожным з раёнаў горада. У асноўным усе цяжкасці арганізацыі выбараў вісяць менавіта на іх.
І самы нізавы ўзровень – участковыя выбарчыя камісіі (УВК). Калі казаць зусім проста, то гэта менавіта тыя ўсмешлівыя цёткі і дзядзькі, якіх вы бачыце ў тых памяшканнях, куды ходзіце галасаваць.
1 кастрычніка ў Магілёве як раз сфармвалі УВК. Як і заўсёды, зрабілі гэта ў адміністрацыях Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў.
У Ленінскім раёне Магілёва іх будзе 78. У Кастрычніцкім – 68.
У кожную з гэтых камісій кіраўніцтва Ленінскага і Кастрычніцкага раёна адабрала членаў – ад 5 да 15 чалавек у кожную. Ніхто з апазіцыянераў у склад камісій не патрапіў, усе члены – гэта ідэалагічна правільныя грамадзяне.
Як правіла, калі раённыя ўлады адбіраюць людзей у УВК, яны глядзяць на месца працы, узрост, партыйнасць і іншыя значныя аспекты жыцця.
Але ў адміністрацыі Ленінскага раёна выбралі нейкія дзіўныя характарыстыкі для ўключэння магілёўцаў ва ў УВК. Выбары ў раёне будуць арганізоўваць каларытныя персанажы, якіх адабралі на падставе наступных апісанняў:
«Мае 1-разрад ўсходніх адзінаборстваў»;
«Вядзе актыўную грамадскую дзейнасць»;
«Характарызуецца па месцы жыхарства суседзямі станоўча»;
«Прапагандуе здаровы лад жыцця»;
«Не мае досведу працы ў камісіі, але чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, мае задаткі лідэра»;
«Прызёр разнастайных спартакіяд»;
«Спецыяліст, добра арыентуецца ў сваёй спецыяльнасці»;
«Па месцы працы характарызуецца як спецыяліст сваёй справы»;
«Настаўнік моладзі»;
«З’яўляецца пераможцам алімпіяд рознага ўзроўню»;
«Бухгалтар 1-й катэгорыі»;
«Настойлівыя ў дасягненні пастаўленых мэтаў»;
«Лаўрэат конкурсаў мастацкай самадзейнасці»;
«Валодае высокім культурным узроўнем»;
І мноства іншых досыць нетрывіяльных характарыстык. Усё – у розных людзей.
Якім чынам у арганізацыі выбараў можа дапамагчы разрад ва ўсходніх адзінаборствах, валоданне высокім культурным узроўнем, любоў суседзяў і прапаганда ЗЛЖ – незразумела.
Магчыма, пакуль мы жывем у 2k19, улады Ленінскага раёна ўжо разарвалі тканіну прасторы і часу і глядзяць на жыццё з будучыні, дзе галоўнае для электаральнага працэсу – уменне прапускаць скрозь сябе энергію Цы.