Расказваем і паказваем, што рабілася ў цэнтры горада ў 17 гадзін 4 кастрычніка 2019 года.

7 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


 – Паважаныя магілёўцы, праз некалькі хвілін адбудзецца сустрэча з кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам, – зароў мегафон ў руках мужчыны. Яго барада, заплеценая ў касу, трэслася ў такт рыку прылады, дапаўняючы вобраз вікінга без сваёй краіны.

Магілёўцы здзіўлена паглядзелі на яго, і пакрочылі хутчэй. У гэты момант з дынаміка грымнуў Шнур, хрыпячы свой хіт пра выбары.

Вакол двух велізарных бел-чырвона-белых сцягоў з надпісамі НАРОДНАЯ ГРАМАДА па вуліцы Ленінская, 29, гудзела палітычнае жыццё. Хтосьці раскладваўся з фотаапаратам, хтосьці перагаворваўся, хтосьці перасоўваў стэнды з заклікамі «Лукашэнка павінен сысці ў адстаўку» і «Парламент – шлюхам, зямлю – арабам».

Больш за ўсё стэнды цікавілі дзяцей і падлеткаў. Большасць з іх, вядома, ведала ўсе гэтыя словы, але яшчэ ніколі падрастаючае пакаленне не бачыла іх так шакуюча блізка. Нешматлікія дарослыя таксама падыходзілі да пікету, цікавячыся, што адбываецца.

Ідзе парламенцкая кампанія, так званыя выбары. Лукашэнка скраў у нас выбары. Хутка пад’едзе будучы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, можаце застацца, паслухаць, задаць яму пытанні, – тлумачыў адзін з удзельнікаў пікету сівавалосаму старому, які некалькі недаверліва касавурыўся на бел-чырвона-белыя сцягі. – Усё законна, пікет дазволены, – расчаравана працягнуў прыхільнік Статкевіча, калі сівавалосы мужчына па-беларуску непрыкметна пачаў рухацца бачком ад пікету.

Падала кастрычніцкае лісце, шалелі на ветры аблокі, мігцела чырвоная кнопка на камерах двух міліцыянтаў у цывільным, якіх начальства выгрузіла на Ленінскую, 29, каб здымаць тое, што адбываецца.

У гэты момант Шнур з дынаміка пачаў каронны запеў пра тое, якія ўсё ж такі нядобрыя людзі – гэтыя кандыдаты. Пікет акрыяў – Статкевіч ішоў пад сціхаючыя акорды «Ленінграда» і ўсміхаўся. Павітаўшыся з усімі, хто быў у крокавай даступнасці, палітык адразу забраў мегафон і ўвагу пешаходаў.

Зараз праходзяць так званыя выбары. Але выбараў у нашай краіне няма. Лукашэнка ўзурпаваў уладу і набірае людзей у свой марыянеткавы парламент, – не стаў разменьвацца на ласкі Статкевіч.

Афігеўшыя гараджане сталі прытармажваць. Тыя, хто з іх быў маладзейшы за 18-ці, глядзелі на тое, што адбываецца, з захапленнем.

Яны не засталі у асэнсаваным узросце перавароты міліцэйскіх машын у 96-ым, намётавага мястэчка 2006-га і шматтысячнай плошчы 2010-га года. Статкевіч, які разрываў мегафон антылукашэнкаўскімі лозунгамі, выглядаў для іх мамантам, раптам адталым з-за глабальнага пацяплення. Яны напэўна адчувалі, што калісьці такіх мамантаў было шмат, але цяпер застаўся адзін з апошніх – калі не апошні.

Непадалёк былі і пільныя паляўнічыя на мамантаў. Без фірмовага абмундзіравання і бачнага ўзбраення, яны паціху перамаўляліся паміж сабой, перыядычна адтэлефаноўваючыся камусьці. У тое, што адбываецца, яны не ўмешваліся. Калі, вядома, не лічыць таго выпадку, калі ў сярэдзіне выступу Статкевіча найбольш масіўны з іх сарамліва збегаў у бліжэйшы «Еўрашоп» за плечыкамі для адзення.

– У Лукашэнкі некалькі тысяч ахоўнікаў. Калі выбраннік народа такі любімы, навошта яму столькі ахоўнікаў? Ён абараняецца ад народа! – ліўся па Ленінскай голас палітыка.

Паступова групка вакол пікету станавілася ўсё больш і больш – паслухаць Статкевіча ў пікавы момант спынілася каля паўсотні магілёўцаў. Большая частка слухала некалькі хвілін і рухалася далей па вуліцы. Некаторыя засталіся слухаць да канца.

– Лукашэнка старанна пазбаўляецца ад канкурэнтаў. Мы памятаем пра зніклых палітыкаў, бізнэсмэнаў, журналістаў. На мяне навесілі крымінальны артыкул, каб я не мог балатавацца ў прэзідэнты. Лукашэнка баіцца страціць уладу, – паўтараў апазіцыянер.

За дваццаць хвілін Статкевіч паспеў скончыць. Ён некалькі разоў паўтарыў думку пра тое, што ў Беларусі выбараў няма, свабоды словы – няма, свабоды сходаў – няма, затое ёсць прэзідэнт і яго «дармаеды». У канцы ён заклікаў усіх тых, хто чуе і слухае, уступаць у яго ініцыятыўную групу, каб вылучацца кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года. Да гэтага моманту ніхто ўжо як быццам і не ўспамінаў пра выбары парламенцкія, якія адбудуцца праз месяц.

Паміж справай Мікалай Статкевіч нагадаў, што пікет-дэ прысвечаны збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў дэпутаты парламента магілёўскіх паплечнікаў палітыка Васіля Курушына і Сяргея Фаміна. На наступны дзень пасля пікета тры дзесяткі сяброў Статкевіча у Мінску спалілі пасведчанні сваіх ініцыятыўных груп.

Магілёўцы рознай ступені палітызаванасці сталі ўдакладняць, як Статкевіч будзе абсталёўваць Беларусь. Рэцэпт здаўся нескладаным, але пакуль непрацуючым: незалежныя суды, празрыстыя выбары і эканамічныя рэформы. Усяго палітык адказваў на пытанні больш за паўгадзіны. Гэтага хапіла, каб да канца вечара магілёўцы пранікліся духам свабоды і нават сфатаграфаваліся са Статкевічам пад непрыязныя погляды міліцыянтаў у цывільным, якія ўжо відавочна хацелі дадому.

Для журналістаў адвячорак выдаўся сумным. Пасля таго, як у Воршы пікет Статкевіча атакаваў Спайдэрмэн з ЛГБТ-сцягам, а ў Віцебску прыхільнік Лукашэнкі зламаў дрэўка сцяга, яны разлічвалі на вострую палітычную страву, але ўсё выйшла даволі траваедным.

Тым больш здзіўляе, што менавіта гэта масавае мерапрыемства стала самым яркім пікетам 2019 года ў 400-тысячным Магілёве.