Магілёўскіх дзяцей бясплатна возьмуць на мора. Праўда, пад дахам ФСБ-шнікаў

Вы гатовыя, каб вашае дзіця абрала тую ідэалогію, якую так любіць Уладзімір Пуцін?

6 сакавіка. Алесь Святліцкі. Магілёў / Усе фота з дзецьмі – ілюстрацыйныя. Узяты з афіцыйнай групы ВПЦ «Вымпел» ВКонтакте


Адна з крыніц часопіса MSPRING.ONLINE паведаміла, што па школах Магілёва ходзіць нейкі чалавек, які ўяўляецца майстрам баявых мастацтваў.

Ён прапануе вучням 8-10 класаў запісацца на курсы самаабароны і паехаць на 21 дзень у расійскі дзіцячы лагер «Арляня».

Па словах крыніцы, чалавек быў ахайна апрануты. У адной са школ яго суправаджала завуч. Чалавек, які прапануе дзіцям ехаць у лагер, нібыта прадстаўляе Спартыўнае аздараўленчае грамадскае аб’яднання «Ірыда» з Магілёва.

МОРА ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ БУДЗЕ ПАСЛЯ ЗАПІСУ У ПРАРАСЕЙСКІ ГУРТОК

Само па сабе СААА «Ірыда» уяўляе сабой вельмі дзіўнае фарміраванне. На сайце арганізацыі пазначана, што гэта «Цэнтр ёгі, танца і айкідо».

Але гэта далёка не ўвесь спектр дзейнасці «Ірыды». На тым жа сайце арганізацыя прапануе абліцоўванне дамоў керамічнай пліткай, мантаж сайдынгам, продаж бульбы і помпаў і нават навучанне распрацоўцы сайтаў.

Мешаніна з паслуг шчодра запраўлена апісаннем мерапрыемстваў – напрыклад, 24 снежня (год не пазначаны) СААА «Ірыда» рэкламавала варажбу на картах Таро за 10 беларускіх рублёў.

У гэта ўсё нечакана ўкліньваецца праект «Вымпел-БелРос». Паводле апісання, гэта група, створаная на аснове заняткаў школы выжывання ў рамках дамовы паміж СААА «Ірыда» і маскоўскім ВПЦ «Вымпел».

Дзяцей для бясплатнага адпачынку ў лагеры «Арляня» будуць абіраць як раз з гэтай самай групы «Вымпел БелРос».

Усё гэта, вядома, не проста так. З 28 красавіка па 19 траўня ў «Арляня» будзе праходзіць Усерасійскі збор ваенна-патрыятычных аб’яднанняў «Перамога – адна на ўсіх» з удзелам дэлегацый дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. «Ірыда» прывязе магілёўскіх дзяцей у рамках гэтай падзеі. Пры гэтым усе выдаткі на сябе бярэ расійскі бок.

МАГІЛЁЎСКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ПРАЦУЕ З ФСБ-ШНАЙ СТРУКТУРАЙ?

Як ужо пісалася вышэй, бясплатны адпачынак у «Орлёнке» для нашых школьнікаў атрымаўся не проста так.

«Ірыда» і ваенна-патрыятычны цэнтр «Вымпел» з Масквы раней заключылі дагавор аб узаемасупрацоўніцтва і садзейнічанні.

Вядома, што ваенна-патрыятычны цэнтр «Вымпел» быў створаны ветэранамі Крамлёўскага палка, ветэранамі групы спецыяльнага прызначэння органаў дзяржаўнай бяспекі «Вымпел» і іншых сілавых структур Расійскай Федэрацыі. Кіруе ім ветэран спецназа КДБ СССР і ФСБ Расіі Святаслаў Амельчанка.

Метады прапрацоўкі моладзі «вымпелаўцы» узялі ў самых што ні на ёсць падыходзячых структур. У аснове іх праграмы, як яны самі заяўляюць, ляжаць методыкі падрыхтоўкі Групы спецыяльнага прызначэння КДБ СССР «Вымпел», Цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ Расіі, Прэзідэнцкага палка Службы каменданта Маскоўскага Крамля, а таксама вучэбна-метадычных распрацовак МНС Расіі, спецыяльных падраздзяленняў МУС Расіі і іншых сілавых структур, якія адаптаваныя для работы з падлеткамі.

Прасцей кажучы, «Вымпел» займаецца патрыятычным выхаваннем расійскіх дзяцей з рэзкім ухілам у каштоўнасці сілавікоў. Цалкам відавочна, што пры гэтым падлеткі «прамацваюцца» з мэтай ўцягнення самых падыходных на працу ў спецслужбы і паліцэйскія органы ў будучыні.

У такім выпадку, што можа быць агульнага ў спартыўна аздараўленчага таварыства «Ірыда» з Магілёва і арганізацыяй, якая аб’ядноўвае ветэранаў расійскіх спецслужбаў? Асабліва ўлічваючы той факт, што кіраўніцтва Расіі да гэтага часу не адмовілася ад выкарыстання «мяккай сілы» ў дачыненні да Беларусі? Застаецца толькі здагадвацца.