Міліцыя ізноў не здолела правесці адміністрацыйную справу ў дачыненні да журналістаў без парушэнняў

Суддзя Ратнікава адправіла справу назад на дапрацоўку.

3 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На фота – супрацоўнік Ленінскага РАУС Антон Гейгер, здымак – Аліна Скрэбунова


У выпуску праграмы «Аб’ектыў», які выйшаў 3 красавіка а 21 гадзіне ў прамым эфіры на тэлеканале БЕЛСАТ, паведамілі, што ў дачыненні да журналісткі Аліны Скрэбуновай вядзецца адміністрацыйны працэс за ўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. У віну Скрэбуновай ставяць выраб рэпартажу пра адкрыццё інклюзіўнай кавярні ў ГЦ «Парк-Сіці», дзе працуюць толькі людзі ў вазках.

Як высветлілася, увесь адміністрацыйны працэс у дачыненні дзяўчыны праходзіў са шматлікімі парушэннямі:

Участковы Гейгер, які браў тлумачэнні ў сведкаў, паказваў толькі адзін фотаздымак [каб яны апазналі ў Аліне журналістку, якая рыхтавала матэрыял – заўв. рэд.], хаця павінен быў паказаць 3-4 фота розных асобаў, а таксама ўжыў псіхалагічны ціск. Ён падаў інфармацыю, як сцверджаны факт, пад якім сведкі павінны былі падпісацца. Хоць сведкі самі павінны былі расказаць, што яны помняць і як было насамрэч, – расказала Скрэбунова ў эфіры БелСАТ.

Праваабаронца Барыс Бухель, які быў на працэсе ў якасці назіральніка, паведаміў, што пераслед журналісткі супрацоўнікамі міліцыі з’яўляецца прамым парушэннем канстытуцыйнай свабоды слова, а таксама Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

– У справе хапае парушэнняў. Не буду казаць пра ўсё, скажу толькі, што міліцыя як заўсёды не ведае КаАП – яны вмяняюць Аліне менавіта ўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ, хоць такога пункта ў кодэксе нават няма, – кажа ён.

З-за шматлікіх парушэнняў пры правядзенні адміністрацыйнага працэсу суддзя Аксана Ратнікава адправіла справу на дапрацоўку.