У аршанскай папраўчай калоніі № 8 праблему замены таксафонаў «Белтэлекама» вырашылі праз паборы.
Як стала вядома MSPRING.MEDIA, адміністрацыя папраўчай калоніі № 8 напалохала асуджаных тым, што праз вывад з эксплуатацыі з 20 студзеня «Белтэлекамам» тэлефонных карт і таксафонаў («Тэлефонны сэрвіс інтэлектуальнай сеткі» — ТСІС) тэлефонных званкоў з калоніі можа не быць некалькі месяцаў.
У такім выпадку мець сувязь са сваякамі можна было б толькі праз відэасувязь адзін раз на месяц і звычайнымі лістамі. Таму асуджаным было прапанавана самім скінуцца грашыма на набыццё новага IP-абсталявання, што і было зроблена. З персанальных рахункаў зняволеных былі спісаныя неабходныя сродкі.
Адзначым, што ў прамзоне калоніі працуе адно з найстарэйшых унітарных прадпрыемстваў «ПК 8-Пошук», якое выпускае шырокую лінейку тавараў (металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, швейная вытворчасць). Аднак на забеспячэнне гарантаваных тэлефонных званкоў сродкаў у гэтага прадпрыемства не знайшлося.