«Рассупрацоўніцтва» зноў заклікае беларускіх школьнікаў у крымскі «Артэк».

Спецыяльная 15-я змена пройдзе ў лагеры на акупаванай Расіяй тэрыторыі Украіны з 30 снежня па 19 студзеня 2026 года і мае назву «Калядная казка Артэка».

На спецзмену запрашаюць дзяцей ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў. Ім абяцаюць адмысловую праграму ў навагоднюю ноч. Адборам займаецца куратар праграмы «Здравствуй, Россия» і адначасова спецыялістка па працы з моладдзю Ангеліна Маляўка — нядаўняя выпускніца Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

Пуцёўкі ўнутры Расіі размяркоўваюцца праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму АІС «Артэк», у якой захоўваецца база ўсіх дзяцей, што калі-небудзь прыязджалі ў лагер. Кожны рэгіён мае сваю квоту. Беларусь мае такую квоту ў межах «Саюзнай дзяржавы» з непразрыстым адборам, і дзеці абавязкова трапляюць у адзін атрад з равеснікамі з ДНР/ЛНР. Колькі чалавек паедзе на 15-ю змену — пакуль высветліць не ўдалося.

У «Артэку» з кожнай зменай праводзяць «ўрокі мужнасці» ўдзельнікі «спецыяльнай ваеннай аперацыі» (вайны РФ супраць Украіны). Міністэрствам асветы РФ для гэтых мэтаў арганізаваныя курсы перападрыхтоўкі для былых байцоў з прысваеннем кваліфікацыі «педагог дадатковай адукацыі». Таксама ў праграме абавязковая экскурсія ў Севастопаль з наведваннем музея Чарнаморскага флоту і Балаклаўскага падземнага музейнага комплексу. Адзначым, што сёння, 18 снежня, Узброеныя сілы Украіны заявілі аб паспяховай атацы на аэрадром Бельбек побач з гэтым горадам.