У Беларусі абвалілася, верагодна, фінансавая піраміда, арганізаваная жыхаром Віцебску. Пацярпелыя шукаюць калегаў па няшчасці з усёй краіны, каб сабраць усе факты для Следчага камітэта. Аўтар мясцовага «МММ» меркавана сабраў 2 млн даляраў і сышоў у бег.
Нагадаем, фінансавыя піраміды ўладкаваныя такім чынам, што арганізатар прыцягвае грошы ці маёмасць кліентаў пад абяцанне росту кошту ўкладанняў. А выплачваецца даход не за кошт інвестыцый, а з прытоку грошай ад новых фундатараў. Цяпер для гэтага не трэба арандаваць офісы, як у часы “МММ” – усё робіцца праз інтэрнэт. У некаторых выпадках піраміды працуюць праз Telegram.
У Віцебску мясцовы жыхар Аляксандр Снытко яшчэ ў 2018 годзе па аналогіі з Bitcoin прыдумаў «экасістэму» пад уласным імем «Snytcoin» і запусціў яе на адной з гібрыдных крыптабіржаў. Доўгі час яго стартап заставаўся незаўважным. Паралельна ён заснаваў у розных расійскіх сацыяльных сетках паблікі «Віцебск Анлайн», дзе даваў навіны і рэкламу свайго, як ён заяўляе, токена.
У гару справа пайшла толькі ў 2020 годзе, калі ўся краіна жыла выбарамі. А, па прызнанні самога заснавальніка “экасістэмы”, залаты перыяд прыпаў на 2021 год, год рэпрэсій. Людзі раптам панеслі грошы, даведаўшыся які працэнт прапануе новы фінансавы геній – 245% гадавых. Грамадзяне сталі прадаваць машыны і нават закладваць кватэры і ўкладвацца ў Snytcoin. З’явілася нават калекцыя адзення з лагатыпам-абярэгам “Snytcoin”.
Праўда, напачатку 2022 года некаторыя ўдзельнікі “экасістэмы” сталі падазраваць, што могуць быць у выніку ашуканымі. У траўні яны нават дашлі ў выданне Onliner і асцярожна распавялі аб праблеме. Тады і высветлілася, што сістэма ўладкована так хітра, што ва ўсіх паперах яе ўдзельнікі самі распісваюцца за тое, што іх усё задавальняе. А здзелкі праводзіліся 50/50 у Snytcoin і беларускіх рублях.
Пацярпелых станавілася ўсё больш, і як стала вядома рэдакцыі, яшчэ ў жніўні мінулага года была ўзбуджаная крымінальная справа. На гэта Аляксандр Снытко ў сваім роліку на ютуб-канале заявіў, што гэта ўсе невуцкія людзі, якія паняцця не маюць што такое блокчэйн, а ён гатовы абмяркоўваць свае ідэі на ўзроўні Акадэміі навук, бо стаў аўтарам сапраўднага манетызаванага токена, падмацаванага 44 тысячамі здзелак. , пра што выдатна ведае КДБ. Больш за тое, ён зазначыў, што па скаргах міліцыя правяла ўжо сем праверак, але нічога прад’явіць так і не змагла.
Праўда, пасля ўзбуджэння крымінальнай справы віцяблянін апынуўся ўжо ў адной з цёплых краін, дзе ёсць мора. А напярэдадні навагодніх свят ён вырашыў перадаць прывітанне выданню Onliner. Ён назваў журналістаў “таннай прыладай ціску на суд”, а потым яшчэ і “ла.ноСМІ”.
Адтуль жа, з берага мора аўтар Snytcoin-а заявіў, што яго стварэнне будзе жыць заўсёды, а астралогія і гіпналогія стануць прыродазнаўчымі навукамі. Ён прызнаўся, што ў яго экасістэме ёсць астролагі і нумаролагі, але не хапае работнікаў з “верхнімі і ніжнімі вібрацыямі”.
А 10 студзеня аўтар Snytcoin-а прызнаў, што прыляцеў “чорны лебедзь”, бо лёг сервер са ўсёй нажытай непасільнай працай. Але ўсім ён перадаў прывітанне і сказаў, што ўсё будзе добра.