Пагодныя ўмовы паралізавалі працу папраўчых калоній: частка сваякоў асуджаных не можа да іх дабрацца, іншыя не могуць выехаць з ПК.
У Магілёўскай вобласці пад’езд да ўсіх калоній (яны ўсе знаходзяцца за межамі гарадоў) заблакаваны снежнымі заносамі. Сваякі асуджаных, якім былі прызначаныя доўгатэрміновыя спатканні (ДС) тэрмінам да трох сутак, у тэрміновым парадку адмяняюць іх, бо не могуць дабрацца. Адміністрацыя ніяк не будзе іх кампенсаваць, нягледзячы на надворны форс-мажор.
Вядома, што ў Бабруйску тэхніка працавала ў горадзе круглыя суткі, але чысціла снег толькі на праезнай частцы галоўных магістраляў, скідваючы яго на тратуары. З-за гэтага людзі не могуць дайсці нават да прыпынку, а транспарт усё роўна не даязджае да гарадскіх ускраін, дзе знаходзіцца ПК-2.
А ў Магілёве грамадзяне, якія выйшлі з доўгатэрміновых спатканняў у ПК-15, не маглі дабрацца да горада, бо за час, праведзены ў «гасцініцы» калоніі, снег паралізаваў шашу. Ім проста не было куды падзецца. Ва ўсіх гарадах таксі адмаўляюцца прымаць заказы з тэрыторыі калоній. У Магілёве прыватныя нелегальныя перавозчыкі запытвалі 50 рублёў за дастаўку людзей ад ПК-15 да цэнтра.