У распараджэнне праваабаронцаў «Магілёўскай вясны» трапіў тэкст дзіўнага дакумента, які прыйшоў у Беларусь адначасова з Расіі і Украіны. Гэта так званы «прагон», прысвечаны распаўсюднікам наркотыкаў.
13 снежня. Магілёў. Саша Мінько
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
З 5 снежня праз мэсэнджэры, сацсеткі і іншыя сучасныя сродкі сувязі ў Беларусі стаў распаўсюджвацца ліст за подпісам лідэраў крымінальнага клана Оніані-Джангваладзэ – так званы «прагон».
Гэта тэкст, які крымінальная вярхушка адрасуе прадстаўнікам злачыннай супольнасці, і ён цалкам прысвечаны тлумачэнню, як трэба ставіцца да асуджаных за гандаль сінтэтычнымі наркотыкамі.
Апошніх загадана лічыць людзьмі, якія ставяць асабістыя інтарэсы вышэй грамадскіх, а таксама здраднікамі і адрачэнцамі ад «вараўскога закона» (у тэксце выкарыстаны жарганізмы і мова варожасці, якія мы не прыводзім – заўв.рэд).
Часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE вырашыў высветліць, як падобны ліст можа паўплываць на сітуацыю ў беларускіх калоніях, улічваючы, што расійскае і ўкраінскае антынаркатычнае заканадаўства да нядаўняга часу былі значна мякчэй беларускага.
Наша крыніца пацвердзіла наяўнасць такога тэксту. Вядома, што ён прыйшоў адначасова адразу з пяці розных месцаў і утрымліваў шэраг памылак, што стала прычынай асобнага разгляду.
Сэнс ліста ў тым, што цяпер наркагандляры абвешчаныя так званымі «гадамі», і, ў выпадку траплення за краты, такія асуджаныя не могуць лічыцца звычайнымі арыштантамі (нефармальная катэгорыя «мужыкі»). Але пры гэтым яны не трапяць і ў лік асуджаных з нізкім статусам.
Калі ж яны нейкім чынам перасякуцца ў месцах пазбаўлення волі з асуджанымі, якія маюць аўтарытэт у крымінальным свеце, то апошнія павінны іх «ламаць» – на іх слэнгу гэта азначае прыніжэнні і верагоднае збіццё па прыездзе ў калонію.
Ліст у электронным выглядзе быў распаўсюджаны па ўсіх гарадах былога СССР, дзе да гэтага часу раней судзімыя грамадзяне выконваюць нефармальныя паняцці, якія нагадваюць правілы паводзін у месцах пазбаўлення волі. Патрабаванне, якое выкладзена прадстаўнікамі злачыннага клана, павінна імі няўхільна выконвацца.
Суразмоўца MSPRING.ONLINE адзначыў, што тэкст ліста пакуль не трапіў у месцы пазбаўлення волі, бо у ПК ён абавязкова павінен прыходзіць напісаным ад рукі на папяровым носьбіце. Гэта значыць, патрабаванне пачне выконвацца толькі пасля таго, як нехта з мясцовых прадстаўнікоў крыміналітэту патрапіць у месцы пазбаўлення волі і вырашыць распаўсюдзіць яго. Таксама вядома, што да нядаўняга часу беларускія асуджаныя па артыкуле 328 КК «Незаконны абарот наркотыкаў» знаходзіліся ў асобных лакальных зонах і рэдка перасякаліся з асуджанымі па іншых артыкулах.
Але з іншага боку, трывогу праваабаронцаў выклікае практыка выкарыстання крымінальных статусаў самімі супрацоўнікамі ДВП МУС. Напрыклад, вядома, што палітвязень Міхаіл Жамчужны зноў сустрэне новы год у штрафным ізалятары. Сутнасць канфлікту не змяняецца ўжо чацвёрты год: адміністрацыя горацкай ПК-9 спецыяльна накіроўвае вязня ў атрад для зняволеных з нізкім статусам, а той адмаўляецца выконваць гэта вельмі дзіўнае патрабаванне адміністрацыі.
https://mspring.media/ru/news/smile/
Нагадаем, у чэрвені была абвешчаная амністыя ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі і прынятыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія знізілі ніжнюю мяжу пакарання па ч.2 і ч.3 артыкула 328 на два гады: з пяці да трох гадоў па ч.2; і з васьмі да шасці гадоў па ч.3. Амністыя закранула прыкладна каля шасці тысяч чалавек. Аднак пад яе дзеянне ніяк не патрапілі асуджаныя па частцы 4 артыкула 328 КК (Незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё наркатычных сродкаў, учыненыя арганізаванай групай).
Стаўленне да асуджаных па артыкуле 328 КК з боку адміністрацыі калоній заўсёды было жорсткім. Цяпер існуе рэальная небяспека, што да ціску на гэтую катэгорыю вязняў у бліжэйшы час могуць далучыцца прадстаўнікі крымінальнай супольнасці. Зрабіць прагноз, як будуць развівацца падзеі, наш суразмоўца не ўзяўся.