Адвакат падазраванага ў распаўсюдзе парнаграфіі актывіста сцвярджае, што скончыліся тэрміны прыцягнення да адказнасці.
28 верасня. Алесь Святліцкі. Магілёў
Следчы Ганна Бяляева паведаміла апазіцыйнаму актывісту Станіславу Паўлінковічу, якога падазраюць у распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў 6 гадоў таму, што крымінальная справа ў дачыненні да яго спынена не будзе.
Раней Паўлінковіч накіроўваў хадайніцтва ў пракуратуру з просьбай спыніць крымінальны пераслед з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці для прыцягнення да адказнасці.
– Згодна са словамі майго адваката, тэрмін скончыўся яшчэ ў 2016 годзе, то бок справу супраць мяне не мелі права нават пачынаць, – распавёў актывіст.
Пракуратура перанакіравала дакумент ў Следчы камітэт. Следчы Ганна Бяляева ў сваім адказе паведаміла, што «злачынства ў форме захоўвання [парнаграфіі] падоўжанае і лічыцца юрыдычна скончаным з моманту завяршэння названых дзеянняў».
Станіслаў Паўлінковіч не згодны з такой фармулёўкай і асцерагаецца правакацый:
– Я лічу, што супраць мяне была сфабрыкаваная крымінальная справа ў «распаўсюдзе парнаграфіі», груба парушана заканадаўства. Пры гэтым канфіскаваную яшчэ напачатку сакавіка тэхніку мне дагэтуль не вярнулі. Я не ведаю, што яны яшчэ туды запампуюць, я больш чым дапускаю гэта. А там глядзіш – і новая невялікая справа. Мабыць, вырашылі трымаць мяне “на кручку”, каб я спыніў сваю апазіцыйную дзейнасць і з’ехаў з краіны. Аднак я не здамся, – заявіў Паўлінковіч.
Праверка ў дачыненні да Станіслава Паўлінковіча па факце распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў 6 гадоў таму доўжылася з сакавіка гэтага года. У жніўні была ўзбуджаная крымінальная справа. Хутка актывіста арыштавалі для прад’яўлення абвінавачвання, але паўнавартасных доказаў віны Павлинковича у міліцыі не знайшлося і яго адпусцілі.
Таксама ён быў аштрафаваны на 460 рублёў штрафу за ўдзел у «Акцыі папярэджання» ў Менску 8 верасня.