Скейт-парк каля «Парк Сіці» – усё. Замест яго будзе новы супермаркет

Спорт скончыўся, пластмасавы свет перамог?

12 лістапада. Магілёў. Саша Мінько

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Скейт-зона каля гандлёвага цэнтра «Парк Сіці» адкрылася ў верасні 2015 года. Калісьці яе звалі унікальнай – гэта была пастаянна функцыянуючая пляцоўка для скейтбордынгу з воркаўт-зонай. Але праз чатыры гады побач з ёй пралегла траншэя пад новы гандлёвы аб’ект. Спорт скончыўся?

Па дзіўнай прычыне Магілёву катэгарычна не шанцуе з новымі моднымі гарадскімі прыдумкамі. Прафесійны скейт-парк City пафасна прэзентавалі як падарунак гораду ад гандлёвага цэнтра «Парк Сіці», які адбудавалі на выездзе з горада па Мінскай шашы.

На адкрыцці ўладальнікі гандлёвага цэнтра адзначалі, што беларусы ўсё часцей аддаюць перавагу здароваму ладу жыцця, хочуць быць здаровымі і падцягнутымі. «Цяпер скейтэры, BMX-райдэры, ролеры, адэпты здаровага ладу і ўсе-ўсе жадаючыя змогуць наведваць парк і паляпшаць свае навыкі катання, умацоўваць здароўе і баявы спартыўны дух!», – абвяшчала рэклама. Але сёння цуда-аб’ект для моладзі выглядае вось так:

Побач, за агароджай былога спорт-аб’екта, ужо арганізавана пляцоўка для захоўвання будаўнічых матэрыялаў. Літаральна за пару дзён скейтэры, BMX-райдэры, ролеры і адэпты здаровага ладу пазбавіліся усяго:

Мяркуючы па ўсім, будоўля будзе маштабнай. Гледзячы на ​​гэтыя каналізацыйныя запчасткі, можна зрабіць выснову пра сумную будучыню скейт-парку:

І калі дзеці праглынуць горкую пілюлю, то аўтамабілісты народ больш жорсткі. Яны не разумеюць, як цяпер будзе арганізаваны рух па паркоўцы каля гіпермаркета. Траншэя перасякае ўсю яе наўскасяк і будзе толькі паглыбляцца, пакідаючы каля сябе кучы зямлі:

У дажджлівае восеньскае надвор’е кратаваныя агароджы зліваюцца і іх можна проста не заўважыць. Машыны віхляюць паміж паліцамі, рызыкуючы сутыкнуцца альбо ўляцець у яму:

Лёс былой спортпляцоўкі нікога не цікавіць. Кароткая апытанка будаўнікоў і прадстаўнікоў гандлю паказала, што на фоне будучых зменаў інтарэсы моладзі здаюцца нязносным капрызам. Скейт-парк дэмантаваны, разабраны і кінуты. І, дарэчы, ёсць верагоднасць, што яго часткі проста разбяруць на металалом:

Гэта толькі частка неабходных бетонных канструкцый, – кажа адзін з будаўнікоў. А вакол гандлёвага цэнтра такіх пляцовак ужо некалькі:

Яшчэ адзін склад бетонных труб быў заўважаны справа ад гандлёвага цэнтра «Парк Сіці». Хутка тут з’явіцца новы супермаркет будаўнічых матэрыялаў. Пра гэта карэспандэнту MSPRING.ONLINE паведаміў добразычлівец, які пажадаў не называць свайго імя. Гэта адказ на вечнае пытанне магілёўскіх урбаністаў, ці не перанасычаны горад гандлёвымі аб’ектамі. Каркас новага будынка ўжо збудаваны:

Нядаўна выкладзены асфальт цяпер выразаюць для пракладкі камунікацый. Далей у траншэю паступова будуць укладвацца трубы і кольцы, потым іх закапаюць, каб для аўтамабіляў быў уладкаваны аб’езд.

Новая крама – гэта яшчэ не ўсё. Па словах рабочых, для спорт-пляцоўкі проста не застанецца месца.

Аказваецца, прама да самога гандлёвага цэнтру «Парк-Сіці» будзе прыбудаваны яшчэ адзін магазін памерам прыкладна ў палову ад ужо існуючага. Прыбудова зойме амаль палову цяперашняй паркоўкі. А парковачныя месцы, мяркуючы па ўсім, будуць абсталяваны на ўжо былой спорт-пляцоўцы. Затое раён вакол магілёўскай аркі будзе выглядаць прыгожа. Прама як на плане, што вісіць на плоце новага будаб’екта. Скейтарам, BMX-райдэрам, ролерм і адэптам здаровага ладу цяпер трэба будзе шукаць сабе новае месца пад спартовым сонцам.