Са зваротам выступілі прадстаўнікі АГП, БНФ, БСДП (Грамада) і руху «За свабоду».


13 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі / фота – tut.by


Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, кіраўнік гарадзкой суполкі БНФ Мікалай Фясько, каардынатар руху «За свабоду» па Магілёўскай вобласці Пётр Мігурскі і старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Дзмітрый Люнтоў 8 студзеня падпісалі адкрыты ліст да магчымых кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Мясцовыя палітыкі прапанавалі вылучэнцам правесці 1 лютага сустрэчу з дэмакратычнай грамадскасцю ў Магілёве. Падпісанты хочуць падчас мерапрыемства выпрацаваць механізм вылучэння адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

– Мы прапануем падтрымаць нашу ініцыятыву і правесці аналагічныя мерапрыемствы ў рэгіёнах Беларусі да 1 сакавіка 2020. Выказваем надзею, што гэта паспрыяе вылучэнню адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Рэспублікі Беларусь, – гаворыцца ў заяве.

Новыя выбары прэзідэнта Беларусі павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года. Аб сваім вылучэнні ўжо заявілі дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які збіраецца пайсці на 6 тэрмін запар, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч, кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў і многія іншыя.

У апошні раз беларускія апазіцыйныя сілы выстаўлялі адзінага кандыдата на выбарах 2006 года. Тады ім стаў Аляксандр Мілінкевіч. Па дадзеных ЦВК, ён набраў больш за 6%. Паводле неафіцыйных сацыялагічных апытанняў, Мілінкевіча падтрымала каля 18% выбаршчыкаў.