Самарэзы Базука. Што асаблівага ў судзе над магілеўчанінам, які хацеў пакараць сілавікоў заробкам

Сяргей Базук атрымаў адзін год “хіміі”, хоць дзяржабвінаваўца запытваў паўтары гады калоніі. Расказваем, чаму гэта дзіўны вынік.

Пяцідзесяцігадовы магілёвец Сяргей Базук ў характарыстыцы са свайго працоўнага месца апісваецца як «сціплы» і «ветлівы» чалавек, які займаецца спортам. Магчыма, калі б не жнівеньскія падзеі, якія падзялілі краіну па колерах сцягоў, ён бы ніколі не апынуўся ў клетцы залы суда Ленінскага раёна Магілёва на трэцім паверсе.

Базук трымаўся без эмоцый, нават калі дзяржабвінаваўца запатрабаваў для яго паўтары гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Адвакат тонка апеляваў, што пары месяцаў арышту больш чым дастаткова.

А ўсё пачалося з самарэзаў.

РАСКІДВАННЕ ЗАРОБКУ

Расповед пра Сяргея Базука быў бы бездакорным дадаткам ў кнігу «Масква-Петушкі», у якой галоўны герой Венічка апавядаў бы пад грук колаў і «Слёзы камсамолкі» гісторыю з далёкага і міфічнага Магілёва.

У гэтым горадзе ў жніўні n-га году на плошчу выйшла 15 тысяч нязгодных з вынікамі выбараў і дзеяннямі сілавікоў, а ў лістападзе супрацоўнікі ГУБАЗіК “прынялі” на адным з гарадскіх прыпынкаў хударлявага і невысокага 50-гадовага магілёўца за тое, што ён раскідаў свой заробак.

Заробак быў хоць і цяжкім па вазе, але наўрад ці асабліва каштоўным – самарэзы без слёз не з’ясі і ў краме не расплоцішся, а менавіта іх і выдалі Сяргею Базуку на папярэднім месцы яго працы ў якасці заробку.

Падсудны вырашыў выкарыстоўваць металічныя вырабы на карысць пратэсту: 29 кастрычніка і 11 лістапада ён раскідаў самарэзы каля будынкаў УУС Магілёўскага аблвыканкама, Упраўлення Следчага камітэта, ГУБАЗіК і Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Як распавёў потым падчас працэсу Базука, у яго не было мэты дэстабілізаваць працу сілавых органаў:

«Сваімі дзеяннямі я хацеў выказаць уласны пратэст. Не спадабаліся паводзіны праваахоўных органаў пасля выбараў прэзідэнта Беларусі 9 жніўня. Мне не спадабалася, што кіраўнік ГУБАЗіК ў Мінску разбіў шкляныя дзверы ў кафэ, хоць у гэтым і не было неабходнасці. Не спадабалася, што невядомыя людзі ў цэнтры горада схапілі мірных жыхароў і павезлі іх у невядомым кірунку. Мне не спадабалася, што крымінальныя справы па збіццю мірных жыхароў не распачыналіся. У мяне не было мэты сваімі дзеяннямі дэстабілізаваць працу праваахоўных органаў. Проста я выказаў свой пратэст».

Між тым, працу як мінімум аднаго чалавека ён дэстабілізаваў.

ПІРСІНГ ДЛЯ КРЭТЫ

Галоўны спецыяліст Камітэта дзяржаўнага кантролю Дзяніс Касталомаў раніцай 11 лістапада прыехаў на сваё працоўнае месца да будынка КДК Магілёўскай вобласці па адрасе Яцына, 3. Ён заехаў на ўнутраную паркоўку на сваім новенькім Hyundai Creta, не заўважыўшы нічога дзіўнага.

Увечары, калі ён накіроўваўся дадому і завёў аўтамабіль, то выявіў, што ў левым пярэднім коле ўпаў ціск. Ён не надаў гэтаму значэння і паехаў адпачываць.

Раніцай, 12 лістапада ціск у коле па-ранейшаму было невысокім. Ужо на працы ён даведаўся, што невядомы чалавек раскідаў самарэзы перад уездам на паркоўку КДК. Касталомаў паспяшаўся праверыць сваю «ластаўку» і яго чакала расчараванне – у тым самым левым пярэднім коле блішчаў адзін з самарэзаў.

Прама пасярод працоўнага дня супрацоўнік КДК накіраваўся ў шынамантаж, дзе з праблемай расправіліся. Свае выдаткі Касталомаў ацаніў у 30 беларускіх рублёў – менавіта гэтую суму матэрыяльнай шкоды выставілі Базуку. Сам супрацоўнік КДК быў прызнаны пацярпелым па крымінальнай справе.

Больш пацярпелых не было – супрацоўнікі УСК і УУС Магілёўскага аблвыканкама, якія праходзілі па справе ў якасці сведак, хутка выявілі і прыбралі самарэзы.

БЕНЭФІС КАРЫТКА

На судовым пасяджэнні 20 студзеня стала відавочна, што самымі сур’ёзнымі ўдзельнікамі працэсу з’яўляюцца дзяржаўны абвінаваўца, памочнік пракурора Магілёва Дзмітрый Марусаў і адвакат Сяргей Карытка.

Першы з вельмі сур’ёзным выглядам спрабаваў прадставіць справу так, быццам Базук здзейсніў САПРАЎДНАЕ злачынства, другі – хупава адшукваў недахопы як у матэрыялах справы, так і ў паказаньнях сведкаў і, у першую чаргу, пацярпелага.

Самы прыгожы момант усяго працэсу над Базука – пагашэнне матэрыяльнага ўрону.

На паседжанні, якое прайшло 20 студзеня, Сяргей Карытка заявіў, што сям’я яго падабароннага і ён сам спрабаваў звязацца з Дзянісам Касталомавым, каб аплаціць 30 рублёў, страчаных праз шынамантаж, але пацярпелы ухіліўся ад гэтага.

Пасля гэтага Карытка пацікавіўся, ці атрымліваў Касталомаў якую-небудзь пошту. Калі той адказаў, што не так часта зазірае ў паштовую скрыню, адвакат трыумфальна вывудзіў з матэрыялаў справы квітанцыю, згодна з якой Касталомаву паштовы перавод у 30 рублёў быў адпраўлены яшчэ тры тыдні таму.

– Вы тры тыдні не зазіралі ў паштовую скрыню? – пацікавіўся абаронца ў пацярпелага.

Нейкага выразнага адказу не было. Пасля гэтага Карытка раскруціў Касталомава ў лепшых традыцыях юрыдычнага ММА: атрымаўшы ў суддзі Ратнікавай дазвол, ён прапанаваў супрацоўніку КДК заплаціць матэрыяльны ўрон неадкладна, на што быў дадзены перапынак.

Потым Карытка звярнуў увагу дзяржабвінаваўцы і суддзі на тое, што, наогул-та, шынамантаж абышоўся Касталомаву ў 10 рублёў. Адкуль жа ўзялася сума ў 30?

– Туды яшчэ бензін, каб дабрацца да шынамантажу, – адказаў на пытанне супрацоўнік КДК.

Пры гэтым сам жа прызнаў, што ад КДК да майстэрні шлях склаў усяго толькі 5 хвілін.

Сваімі дзеяннямі адвакат Сяргей Карытка наглядна паказаў дробязнасць усяго працэсу – пацярпелы наогул не адразу заўважыў прабітае кола, больш ніхто не пацярпеў, а сам Сяргей Базук – чалавек, які мае станоўчую характарыстыку з працы і не прыцягваўся ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасці. Пры гэтым сваю віну ў раскідванні самарэзаў мужчына прызнаў і раскайваецца.

Акрамя таго, у самога Базука ёсць шэраг хранічных захворванняў, а значыць яго трэба неадкладна вызваліць з-пад варты – і вось суддзі ўжо перадаецца неабходны дакумент.

Больш ніхто ў гэтым працэсе настолькі ўпэўнена і выразна не выступаў. Што, зрэшты не перашкодзіла дзяржабвінаваўцу запатрабаваць для Базука 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

ВЫБАРЧАЯ ЛІБЕРАЛЬНАСЦЬ

Год таму прысуд суддзі Аксаны Ратнікавай здаўся б цвёрдым, калі не жорсткім. Цяпер ён здаецца хаця б адносна адэкватным – 21 студзеня Сяргей Базук быў прысуджаны да 1 году абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”).

Гэта на фоне таго, што 18-гадовая Сафія Малашэвіч і 18-гадовы Ціхан Клюкач атрымалі ў гэтыя ж дні ў Мінску вар’яцкае пакаранне ў 2 і 1,5 года пазбаўлення волі за тое, што “рухаліся па праезнай часткі, здзяйснялі гучныя воплескі рукамі, выкарыстоўвалі апазіцыйную сімволіку, ішлі ў першых шэрагах калоны” і размалёўку загараджальных шчытоў міліцыі падчас акцыі 6 верасня. Застаецца толькі цешыцца прывіднай ліберальнасці магілёўскага прысуду.

Галоўныя ж урокі, якія варта вынесці з працэсу над Базуком, складаюцца ў наступным:

Не раскідваць самарэзы каля будынкаў сілавых структур – гэта нават гучыць па-дурному.

– Карыстацца паслугамі нармальнага адваката, нават калі справа не варта і выедзенага яйка. Чыста суб’ектыўнае меркаванне: калі б Сяргея Базука абаранялі б таксама, як Станіслава Паўлінковіча на адпаведным працэсе, годам “хіміі” б справа не абышлося.