У матэрыялах справы фрылансераў Аліны Скрэбуновай і Яўгена Глушкова пасля суда не аказалася заявы аб адводзе суддзі Касцюк.

28 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


29 траўня суддзя суда Ленінскага раёна Таццяна Касцюк аштрафавала фрылансера Аліну Скрэбунову на 50 базавых велічыняў, а аператара Яўгена Глушкова на 30 базавых за супрацоўніцтва з тэлеканалам БелСАТ.

Праваабаронцы і журналісты яшчэ да суда заявілі пра палітычны характар пераследу фрылансераў. Падчас працэсу Скрэбунова і Глушкоў заявілі адвод суддзі і перадалі адпаведныя дакументы Таццяне Касцюк. Калі суддзя адмовілася задавальняць хадайніцтва аб сваім адводзе, гледачы і ўдзельнікі працэсу моўчкі пакінулі залу ў знак пратэсту супраць беззаконня ў судах.

Пасля суда Скрэбунова і Глушкоў не знайшлі хадайніцтвы аб адводзе ў матэрыялах справы і запатрабавалі прыцягнуць суддзю Касцюк да адказнасці.

Старшыня суда Ленінскага раёна Галіна Кужалева прызнала парушэнне, аднак караць Касцюк не стала. На яе думку, адсутнасць дакументаў у матэрыялах справы – гэта віна сакратара судовага паседжання.

«З-за няўважлівасці сакратаром судовага пасяджэння не былі падшыты да матэрыялаў справы заява Скрэбуновай А.А. аб адводзе суддзі суда Ленінскага раёна Касцюк Т.М », – пазначана ў адказе Кужалевай.

На дадзены момант, як адзначае старшыня суда, парушэнні ліквідаваны. Да сакратара Валчковай К.В. будуць ужытыя меры матэрыяльнага ўздзеяння.