Магілёўскага актывіста без яго ведама два месяцы таму судзілі ў Мінску за акцыі пратэсту. Пра штраф ён даведаўся, калі супраць яго пачалі новую справу

Міліцыя затрымала Станіслава Паўлінковіча раніцай 19 лютага прама на яго працы.

19 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі / Фота – mogilev.mvd.gov.by


Праціўнік інтэграцыі Беларусі і Расіі Станіслаў Паўлінковіч з Магілёва быў затрыманы раніцай на тэрыторыі Магілёўскага металургічнага завода, дзе ён працуе.

Па словах актывіста, трое супрацоўнікаў Ленінскага РАУС каля 7 гадзін раніцы паведамілі, што ў дачыненні да яго заведзена справа аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах 20 і 21 снежня ў Мінску. Яго адвезлі ў раённы аддзел міліцыі, дзе правялі апытанне і склалі адміністрацыйны пратакол. Паўлінковіч вінаватым сябе не лічыць:

– Я пазначыў у пратаколе, што я нічога не парушыў, паколькі ў мяне ёсць права ўдзельнічаць у мірных сходах, і запатрабаваў, каб адміністрацыйная справа была спыненая.

Там жа з матэрыялаў справы ён даведаўся, што яго, аказваецца, ужо судзілі і нават далі штраф.

– Я не чакаў убачыць, што мяне ўжо аштрафавалі – нічога пра гэта не ведаў і мне ніхто нічога не паведамляў. Суд Савецкага раёна Мінска 26 снежня ў маю адсутнасць прызнаў мяне вінаватым у тым, што я ўдзельнічаў у «несанкцыянаваных» масавых мерапрыемствах 7 і 8 снежня. Мне далі штраф у 637 рублёў, пра што я нават не здагадваўся. Супрацоўнікі Ленінскага РАУС выказалі здагадку, што ў Мінску проста пераблыталі і адправілі пастанову суда на мой стары адрас. Але гэта ж абсурд – калі трэба, суды і міліцыя і праз Вайбер дасылаюць «позвы», і па тэлефоне тэлефануюць. Калі б у дачыненні да мяне не была заведзеная новая адміністрацыйная справа, я б пра штраф нават не даведаўся, – распавёў Паўлінковіч.

З РАУС яго каля 10-й раніцы даставілі ў суд Ленінскага раёна. Там ён хадайнічаў аб тым, каб яму далі час на падрыхтоўку да працэсу. Суддзя Палякова адмовіла актывісту, але дала час знайсці яму  абаронцу. Наступнае пасяджэнне адбудзецца ўжо 20 лютага а 10-ай гадзіны раніцы.