У гарвыканкаме ўчора абяцалі, што дзеці працягнуць сваё навучанне. Сёння ўжо сказалі, што школу ўсё роўна закрыюць.

28 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Бацькі дзесяцікласнікаў з СШ №9 27 жніўня распавялі пра тое, што дырэктар установы адукацыі прымушае іх забраць дакументы са школы. Па словах аднаго з бацькоў, гэта рашэнне прынялі дырэктар, галоўны бухгалтар і эканаміст школы – нібыта, навучаць дзесяцікласнікаў эканамічна нявыгадна з-за іх невялікай колькасці.

Пры гэтым адзін з бацькой Сяргей зазначыў, што заявы на 10 клас падалі 8 сем’яў. Яшчэ двое дзесяцікласнікаў павінны былі вучыцца ў хатнім рэжыме.

28 жніўня абураныя бацькі разам з журналістамі вырашылі пагаварыць з дырэктарам Аляксандрам Сёмачкіным. Убачыць яго атрымалася, калі ён выйшаў да свайго аўтамабілю на паркоўцы, каб забраць нейкія рэчы. Ён адразу адмовіўся размаўляць з журналістамі:

Без дазволу ніякай размовы са СМІ не будзе. Тэлефануйце майму непасрэднаму начальству, пытайцеся ў іх дазволу, – заявіў дырэктар, пасля чаго хутка пайшоў у бок школы. На заўвагу журналістаў, што па законе ніякага дазволу для размовы са СМІ яму не патрабуецца, Сёмачкін заявіў, што такі закон ёсць, але назваць яго не змог.

Праўда, ён пагадзіўся прыняць бацькоў, якія прыйшлі на сустрэчу. Ім ён заявіў, што “дзясятага класа ў школе не будзе дакладна”. Афіцыйнае апавяшчэнне ён паабяцаў даслаць пазней – і гэта пры тым, што навучальны сезон пачынаецца літаральна праз тры дні.

Бацькі аднаго з дзяцей паспрабавалі аддаць заяву на навучанне ў дзесятым класе. Сёмачкін наадрэз адмовіўся прымаць заяву, пакуль гараджане не прыгразілі міліцыяй.

Каб унесці яснасць, частка дарослых накіравалася ў Магілёўскі гарвыканкам, дзе іх учора запэўнілі, што дзесяты клас у СШ №9 будзе абавязкова. Але меркаванне ў чыноўнікаў раптам рэзка памянялася:

– Нам сказалі, што сёння а 17-ай гадзіне ў іх будзе нарада па пытанні захавання 10 класа ў нашай школе. Але ў канцы чыноўніца нам па-чалавечы сказала, каб мы забіралі дакументы, таму што школу зачыняць у любым выпадку. Яшчэ мы напісалі скаргу, што дырэктар пры сведках адмовіўся прымаць заявы бацькоў на навучанне дзіцяці ў 10 класе, – распавёў бацька аднаго з дзяцей Сяргей.

Пазней стала вядома, што прыняць заяву адмовіліся яшчэ ў адных бацькоў, якія хацелі адправіць у дзясяты клас свайго дзіця са слабым слыхам – і гэта пры тым, што СШ №9 з’яўляецца адзінай у горадзе, дзе ёсць інтэграваныя класы для дзяцей з парушэннямі слыху.