Уведзеныя супраць Беларусі і Расіі санкцыі могуць паставіць ААТ “Белшына” на мяжу банкруцтва.

Пастановай Савета Міністраў Беларусі нумар 124 ад 11 сакавіка 2022 года Беларускаму агенцтву па кіраванню актывамі прадпісана выкупіць даўгі прадпрыемства, усе акцыі якога належаць дзяржаве.

Само агенцтва было заснавана Дзяржкамітэтам па маёмасці і аблвыканкамамі. Размова ідзе аб крэдытах, выдадзеных “Белшыне” за апошнія восем гадоў “Беларусбанкам”, “Белаграпрамбанкам” і банкам “БелЗЭБ”.

Сума астатку запазычанасці ім складае адпаведна 71,4 млн. долараў, 30 млн. долараў, 82 млн. еўра і 132 млн. долараў.

Агулам, калі лічыць у доларах ЗША, «Белшына» вінна 323 мільёны. Цяпер дзяржаўнае ААТ “Агенцтва па кіраванні актывамі” набудзе актывы шыннага гіганта на гэтую суму з дысконтам у 20-25%.

Самымі рэнтабельнымі вырабамі “Белшыны” з’яўляюцца шыны для кар’ерных самазвалаў “БелАЗ”, якія самой Беларусі амаль не патрэбны. У аб’ёме продажаў экспарт прадукцыі складае больш за 60%, а асноўным знешнегандлёвым партнёрам з’яўляецца Расія, якая стаіць на парозе дэфолту з-за развязанай супраць Украіны вайны.