Жорсткі разгон у нядзелю ў Магілёве – новы этап адносін міліцыі і людзей. Далей будзе горш

Адзін збіты ляжыць у шпіталі, бацьку маленькага дзіцяці на вочы ў апошняга вырвалі з аўто, куча затрыманых.

28 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У нядзелю, 27 верасня, прыхільнікі пераменаў у Магілёве атрымалі магутны ўдар ад мясцовых сілавікоў. Па розных ацэнках, у цэнтры горада сабралася каля 100-150 магілёўцаў, якія падтрымалі агульнанацыянальную акцыю, абвешчаную папулярнымі телеграм-каналамі ў адказ на інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Як і ўсюды, у нашым горадзе ўсё скончылася затрыманнямі – усяго ў лапы АМАПу і іншых супрацоўнікаў міліцыі трапіла некалькі дзясяткаў чалавек. З боку ўсё здаецца звычайным, але ёсць сёе-тое, чым апошняя акцыя адрозніваецца ад папярэдніх.

ГРАДУС ЗВЯРЫНАЙ ПОМСТЫ ПАВЯЛІЧВАЕЦЦА

Выбух крыважэрнасці і жорсткасці з боку сілавікоў 9-11 жніўня быў прыкметна збіты масавымі пратэстамі беларусаў. У першую ж нядзелю пасля няўдалых выбараў на вуліцы краіны выйшлі сотні тысяч чалавек. У Магілёве – каля 15 тысяч, нябачаная дагэтуль лічба.

У тыя дні міліцыя не проста не замінала пратэстам: яе фактычна не бачылі ў горадзе. Праваахоўнікі, ледзь не зламаўшы дубінкі аб рэбры магілёўцаў, прыкметна забаяліся наступстваў.

Аднак потым сілавікі сталі прыходзіць у сябе. Спачатку ўдзельнікаў нядзельных маршаў проста выклікалі ў РАУС «на гутаркі», давалі падпісаць абавязацельства аб няўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і выпускалі.

Потым магілёўцаў сталі трымаць па некалькі гадзін у РАУС. Вярнуліся пагрозы і псіхалагічны ціск.

Затым пайшлі затрыманні – нясмелыя, дзесьці нават інтэлігентныя. З кожнай нядзеляй на працягу сямі тыдняў колькасць азверына ў крыві міліцыі павялічвалася, пакуль раптам – бум! – не здарылася 27 верасня.

Роўна праз паўтара месяца пасля выбараў на вуліцы Магілёва вярнулася неабгрунтаваная звярыная жорсткасць, пабоі і нават штосьці новае.

УДАР, СВЯТЛО І ШУМ

У сілавікоў няма ніводнай прычыны для апраўдання жорсткіх дзеянняў 27 верасня. Колькасць удзельнікаў нядзельнай акцыі ледзь пераваліла за сотню. Яны, відавочна, не неслі ніякай пагрозы грамадскай бяспекі або людзям (верыць у адваротнае могуць толькі тыя, чый інтэлект дазваляе на поўным сур’ёзе глядзець Азаронка або шанаваць карысць капялюшыкаў з фальгі).

Тым страшней і абсурдней выглядае тое, што адбылося. Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» і каманды MAYDAY сабралі некалькі фактаў, з-за якіх у нармальнай дзяржаве міліцэйскія начальнікі даўно б пазбавіліся зорак на пагонах, калі не свабоды.

Васіль Салтановіч. Быў затрыманы ў тралейбусе №4 каля 14 гадзін 27 верасня на наступным пасля кола мясакамбіната прыпынку. У тралейбус ўвайшлі двое супрацоўнікаў у цывільным і трое супрацоўнікаў АМАП, пасля чаго вывелі і затрымалі мужчыну.

Аляксей Бяляеў. Выйшаў на волю з ІЧУ 26 верасня, у суботу. Каля 12 гадзін дня, 27 верасня, паехаў у цэнтр горада разам з сястрой і малалетняй пляменніцай, якія збіраліся на дзіцячае прадстаўленне каля «Атрыума». Сам ён збіраўся на офіс «Магілёўскай вясны».

Як толькі таксі спынілася каля “Атрыума”, да аўто падскочылі АМАПаўцы і загадалі ўсім выйсці з машыны. Аляксея забралі ў Ленінскі РАУС. Па нашай інфармацыі на момант публікацыі матэрыялу, ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Аляксандр Новікаў. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі нягледзячы на ​​тое, што ў яго інваліднасць 3-яй групы.

Усевалад Кавалёў. Як ён распавёў праваабаронцы Барысу Бухелю, яго затрымалі і ўкінулі ў аўтазак, дзе яму ў вобласць галавы прыляцелі каля пяці удараў мянтоўскай дубінкай.

Андрэй Вярбіцкі. Ішоў у калоне мірных пратэстуючых магілёўцаў, бачыў двух рослых супрацоўнікаў АМАП. Потым ён у нейкі момант адвярнуўся і тут жа атрымаў удар у твар. Яго даставілі лякарню, дзе папярэдне дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені і ўшыб у лобнай вобласці.

Аляксандр Малачкоў. Яго на вачах уласнага дзіцяці сілай выцягнулі з аўтамабіля, затрымалі і адправілі ў Ленінскі РАУС за тое, што ён пасігналіў дэманстрантам. Пазней туды ж адвезлі яго малалетняга сына. Яго трымалі ў пастарунку без педагога і бацькоў. Добра яшчэ, што Малачкова адпусцілі каля сямі гадзін вечара.

Светлашумавое нешта. Сілавікі дзеля сотні дэманстрантаў не паскупіліся на спецсродкі, што пацвердзіла і МУС. Праўда, у ведамстве адмаўлялі, што выкарыстоўвалася светлашумавая граната, хоць менавіта пра яе ўжыванні казалі ўдзельнікі. Яснасць унёс журналіст Алесь Асіпцоў, які знаходзіўся на месцы падзеяў. Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі стрэлілі ўверх са светлашумавой ракетніцы для застрашвання магілёўцаў. Гэта першы факт выкарыстання падобнага арсенала ў Магілёве.

Трэба адзначыць, што гэта далёка не ўсе выпадкі трэша, які забяспечылі праваахоўнікі за адно толькі нядзелю ў Магілёве.

ПАСТУПІЎ ЗАГАД ДОБРАГА НЕ ЖДАТЬ. АЛЕ ЁСЦЬ НЮАНСЫ

Гэтыя падзеі кажуць толькі аб тым, што міліцыя прызвычаілася да існуючай пратэстнай рэальнасці, ашчэрылася і гатовая ціснуць тых, хто так іх выматаў за апошнія паўтара месяца, з-за каго яны начуюць на працы, выходзяць на дадатковыя змены і не бачаць сем’яў.

Логіка сілавікоў прымітыўная: на іх думку, чым круцей закручваюцца гайкі, тым меншы малалікімі становяцца пратэсты ў Магілёве. Хоць менавіта перабор з гвалтам 9-11 жніўня прымусіў ўсю краіну выйсці на маршы пратэстаў.

Тое, што памяншаецца колькасць людзей на акцыях, варта звязваць хутчэй з тым, што 7 тыдняў пратэсту выматаюць каго заўгодна, а дрэннае надвор’е, як была ў нядзелю, 27 верасня, не выклікае выбуху энтузіязму ў прыхільнікаў пераменаў.

Абодвум бакам патрэбна перадышка, і прайграе той, хто першы яе возьме. Зрэшты, мірны пратэст мае сэнс тады, калі ў ім ёсць масавасць і салідарнасць. Калі ж іх не будзе, то помста сілавікоў будзе яшчэ больш жорсткай, імклівай і крыважэрнай.