Сем гадоў таму ў Магілёве абвясцілі змаганне за гарадскую эстэтыку (і, магчыма, супраць БЕЛСАТ). Людзям распавялі пра неабходнасць зняць спадарожнікавыя талеркі. Але план праваліўся.

17 красавіка. Магілёў. Саша Мінько


На галоўным фасадзе гэтага будынка, што выходзіць на адну з центральных магістраляў горада, наш карэспандэнт налічыў адзінаццаць антэн і чатыры кандыцыянеры. Здаецца, улады прайгралі вайну з аматарамі глядзець не цэнзураваныя навіны. Характэрна, што гэты дом па праспекце Міра,12 толькі што быў адрамантаваны капітальна. То бок, улады проста не выканалі ўласныя наказы па аднаўленні фасада будынка.

Упершыню вайна спадарожнікавым антэнам была абвешчана ў далёкім 2007 годзе, калі ўпершыню зайшла гутарка пра арганізацыю незалежнага тэлевяшчання на Беларусь з тэрыторыі суседніх краін. Афіцыйна чыноўнікі раптам занепакоіліся тым, што “талеркі” псуюць гарадскую эстэтыку і звінавацілі ўладальнікаў антэн у тым, што яны самавольна змяняюць фасады будынкаў. Тады ахвярамі першай атакі сталі жыхары горада Ліда Гарадзенскай вобласці і мінчукі. Там улады абкаталі схему пагроз штрафамі за недэмантаж нелегальных канструкцый, але хутка супакоіліся.

Другі ўсплеск актыўнасці кантралёраў медыя-прасторы прыйшоўся на 2012 год. Якраз незалежны спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, што вяшчае з Польшчы, тады набіраў звароты.

У красавіку месяцы, роўна сем гадоў таму, магілёўскае ЖЭУ №1 развесіў на пад’ездах дамоў у цэнтры Магілёва аб’явы пра тэрміновы дэмантаж самавольна ўсталяваных спадарожнікавых антэн. Таксама было вырашана прыбраць і кандыцыянеры, каб не так кідалася ў вочы змаганне з непажаданым тэлеканалам.

Некаторыя магілёўцы сапраўды іх прыбралі, спалохаўшыся магчымага штрафу і прымусовага зразання гэтых прылад.

Хтосьці нават вырашыў узаконіць свае прылады, але вельмі хутка высветлілася, што атрымаць дазвол у архітэктурных упраўленнях амаль немагчыма. Нягледзячы на слоўныя абяцанні, ніхто іх не выдаваў.

Але сёння, глабальна перабудаваўшы балконы падчас рамонту, будаўнікі вельмі акуратна абышлі і антэны, і кандыцыянеры.

Праўда, гэта не цешыць. Мяркуючы па ўсім, улады разумеюць, што магілёўцы масава далучыліся да расійскага “Трыкалора”. Гэта значыць, яны глядзяць не беларускія навіны без цэнзуры, а расійскія. Прытым, калі ў Беларусі айчынныя міністэрствы могуць уплываць на сетку трансляцыі і пераносяць самыя адыёзныя прапагандысцкія праграмы масквічоў нанач, то спадарожнік дазваляе глядзець шавінісцкія ток-шоу ў зручны час у неабмежаванай колькасці. Улады змагаліся з беларускім незалежным тэлебачаннем і трапілі ў пастку расійскага, якое перыядычна неміласэрна граміць афіцыйны Мінск ва ўгоду сваім імперскім амбіцыям. Расійскія спадарожнікавыя сістэмы лёгка распазнаць.

Пры жаданні магілёўцы могуць вольна глядзець каля сотні руска- і ўкраінскамоўных каналаў са спадарожнікаў Hotbird, Astra і Amos. Гэтыя антэны можна вызначыць па двух-трох канвертарах і павароту ў бок, процілеглы расійскім тэлекамунікацыйным касмічным апаратам. З адзінаццаці антэн на доме па праспекце Міру,12 толькі адна звернута на Еўропу.

Канчаткова правілы змагання са спадарожнікавымі антэнамі былі афіцыйна аформлены 16 траўня 2013 года, калі Савет міністраў прыняла пастанову №384, паводле якой ўсталёўку спадарожнікавых антэн трэба ўзгадняць з выканаўчым і распарадчым органам. Абсталяванне, усталяванае без узгаднення, павінна дэмантавацца. Асаблівая ўвага надаецца дамам, фасады якіх выходзяць на цэнтральныя магістралі горада. Як бачым, сёння гэта ўжо мала каго цікавіць. Улады зразумелі, што пагрозу цэнзуры ўяўляе інтэрнэт, а не олдскульныя спадарожнікавыя антэны. Але гэта ўжо іншая гісторыя.