Расія пацвердзіла свае планы на ўсходнюю Беларусь

Негледзячы на відавочныя цяжкасці ў беларуска-расійскіх адносінах, курс на ўцягванне жыхароў Магілёўскай і Віцебскай абласцей у расійскія праекты будзе працягнуты.


13 лютага. Магілёў. Саша Мінько


Смаленскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў у асобе сваёй старшыні праўлення Вольгі Шаўчэнкі падзялілася планамі на 2020 год.

У праграмным тэксце кіраўнік агенцтва, закліканага зрабіць Смаленск цэнтрам беларуска-расійскага памежжа, прызнала, што “2019-ы прайшоў пад эгідай непрыемных чаканняў і боязі беларускага боку аб немінучым паглынанні Расіяй братняй дзяржавы“.

Нават у ходзе максімальна дыпламатычных зносін з беларускімі калегамі, адзначыла яна, тэма аншлюсу невербальна мільгала пэўным фонам, пакідаючы лёгкі прысмак узаемнага недаверу.

На яе думку, пасланне прэзідэнта Расіі Федэральнаму сходу развеяла трывожныя чаканні незалежнай Беларусі. Гэта павінна непазбежна разрадзіць абстаноўку і астудзіць пыл. Але тут жа яна не вельмі дыпламатычна працягвае зусім у іншым духу – называе беларускіх алармістаў “празмерна уражлівымі псеўдазмагарамі за суверэнітэт”.

Трэба адзначыць, мова расійскіх інтэгратараў у параўнанні з 2016 годам, калі ствараліся арганізацыі і рэсурсы, закліканыя ўплываць на Беларусь, відавочна змянілася.

Вольга Шаўчэнка прызнае “новую рэальнасць” у расейска-беларускіх адносінах, якую яшчэ трэба будзе абмеркаваць экспертам і палітыкам. А далей дапускае зусім ужо адкрытае выказванне: “... каб Расея не ператварылася ў «калектыўнага Бабіча», каб нашы адносіны ня зводзіліся да такой мілай для Захаду «шлюбнай дамовы без кахання», нам усім, як паветра, патрэбна жывая павестка для сапраўдных зносін“.

Фактычна, гэта прызнанне ўдзелу яе арганізацыі ў падрыхтоўчых праектах “мяккай сілы” Расіі, вынікам якіх магла б як раз стаць анэксія.

Толькі ўвага да такіх структураў з боку беларускіх грамадзкіх актывістаў і, як вынік, фактычнае неафіцыйнае выправаджэнне экс-амбасадара Міхаіла Бабіча праз восем месяцаў пасля яго прызначэння, прывялі да таго, што цяпер сціпла названа “новай рэальнасцю”.

ВЯЛІКІЯ ПЛАНЫ

Аднак гульня Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў не скончана. На 2020-ы год у яго вялікія планы: мультымедыйныя анлайн і афлайн арт-праекты, міжнародныя алімпіяды, краязнаўчыя конкурсы, фарсайт-сесіі – усё гэта працягнецца.

Магілёўскія студэнты зноў будуць запрашацца ў Смаленск на мерапрыемствы пад агульным лозунгам «Саюзная дзяржава – учора, сёння, заўтра». У Смаленску іх дадзеныя будуць захоўвацца ў спецыяльнай базе.

У мінулым годзе Асацыяцыя «Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў» правяла два сацыялагічных даследаванні («Днепра-Дзвінскі рэгіён вачыма сучаснай моладзі» і «Інтэграцыя Расеі і Беларусі вачыма сучаснай моладзі»), накіраваных на выяўленне актуальных праблем моладзі і вызначэнне адносінаў моладзі памежжа да працэсу інтэграцыі Расіі і Беларусі.

Вынікі былі адмоўныя – моладзь памежжа марыць пераехаць у сталіцы ці нават за мяжу, а ў якасці арыенціраў абірае амерыканскіх бізнесменаў.

Акрамя таго, нічога добрага не прадвесціць і прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця расійска-беларускага памежжа на 2020 год, дадзены магілёўскім экспертам Агенцтва Генадзем Рыдзеўскім. У прымежных абласцях Расіі і Беларусі, канстатуе ён, працягваецца натуральнае і міграцыйнае змяншэнне насельніцтва, скарачаецца колькасць занятых у эканоміцы.

Большасць абласцей памежжа у 2019 годзе не змаглі пераадолець інвестыцыйны крызіс 10-х гадоў XXI стагоддзя. Інвестыцыі ў асноўны капітал у абласцях памежжа у 2019 годзе не могуць дасягнуць узроўню 2010 года.

ПРОСТА ТАК АД ІНТЭГРАЦЫІ НЕ АДМОВІССЯ

Здавалася б, калі справы зусім дрэнныя, то ад ідэі інтэграцыі адстаючых з адсталымі варта было б адмовіцца. Але не як бы не так.

Ужо з 1 лютага каманда Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў запускае старую пласцінку – першае ў гэтым годзе мерапрыемства пад назвай Алімпіяда «Саюзная дзяржава – учора, сёння, заўтра».

На гэты раз удзельнікам прапануецца вывучыць біяграфіі знакамітых землякоў, якія нарадзіліся, жылі і працавалі ў расейска-беларускім памежжы (Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Смаленскай, Бранскай або Пскоўскай абласцях).

На тэму «Вялікія імёны расійска-беларускай глыбінкі» студэнты і навучэнцы павінны напісаць эсэ і даслаць яго да канца месяца, суправадзіўшы анкетай з падрабязнымі дадзенымі аб сабе.

Пры гэтым да анкеты трэба прыкласці адмысловую заяву – згоду на апрацоўку персанальных дадзеных. Далей з моладдзю будуць працаваць персанальна. Грошы на гэта традыцыйна вылучыў расійскі Фонд грантаў прэзідэнта Расіі. А на чарзе – «Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі».

Падрыхтоўка пачалася: