«Дзень Расеі» ў Магілёве: знешняя палітыка РФ пад выглядам «Еўрапейскіх даследаванняў» – новы курс БРУ

12 чэрвеня ў РФ святкуецца «Дзень Расеі». Кансультант «Рассупрацоўніцтва» прыехаў у гэты дзень у Магілёў для ўрачыстага адкрыцця ў БРУ новай спецыяльнасці – “Замежнае Рэгіёназнаўства”. Праўда, замежжа будзе вывучацца з пункту гледжання расійскіх інтарэсаў.

15 чэрвеня. Магілёў. Саша Мінько / фота: vk.com/naslediem


Магілёў наведаў асабіста Аляксандр Пугачоў, які займае пасаду кансультанта Прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» (Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску) і курыруе праграмы для школьнай моладзі.

Да ведама: пасаду намесніка начальніка Упраўлення па справах суайчыннікаў і развіццю грамадскай дыпламатыі Федэральнага агенцтва «Рассупрацоўніцтва» (гэта федэральны орган выканаўчай улады РФ) займае нехта Вячаслаў Пугачоў (курыруе пытанні Малдовы, прэзідэнт «Таварыства дружбы з Рэспублікай Малдова»).

Аляксандр Пугачоў пасля дзяжурнага абмену памятнымі падарункамі абмеркаваў перспектывы гуманітарнага супрацоўніцтва, якія адкрываюцца ў сувязі з увядзеннем новай спецыяльнасці ў Беларуска-Расійскім універсітэце пад назвай “Замежнае Рэгіёназнаўства” (профіль “Еўрапейскія даследаванні”).

Сярод галоўных плюсаў “Еўрапейскіх даследаванняў” – выдача дыплома дзяржаўнага ўзору. І тут пачынаюцца некаторыя дзівацтвы: сказанае афіцыйна не супадае з тым, што расійскі бок прапануе па-за афіцыйным кантэкстам. Так, напрыклад, у буклетах, якія распаўсюджваюцца Рассупрацоўніцтвам пазначана, што “Тэрмін навучання 4 гады. Кваліфікацыя выпускніка – бакалаўр. Выдаецца дыплом аб вышэйшай адукацыі дзяржаўнага ўзору Расійскай Федэрацыі”.

Гэта значыць, магілёўскі ВНУ будзе выдаваць дыпломы суседняй дзяржавы. І з дыпломам дзяржузору Расійскай Федэрацыі выпускнікам абяцаная праца ў дзяржаўных і адміністрацыйных органах, культурных цэнтрах замежных краін, міжнародных і пратакольных службах і г.д.

Але выклікалі пытанні профільныя дысцыпліны ў беларускім універсітэце. Сярод іх значацца: знешняя палітыка Расіі і краін еўрапейскага рэгіёну, гісторыя расійскай і замежнай дыпламатыі і інш. Сярод агульнанавуковых дысцыплін першым нумарам значыцца гісторыя Расіі, а потым ужо ўсё астатняе. Аб беларускіх інтарэсах не сказана ні слова.

Калі выпускнікам і абяцаная праца ў дзяржаўных і адміністрацыйных органах, то не сказана ў якіх. Дыплом расійскага ўзору як бы намякае, што магілёўскія хлопцы і дзяўчаты змогуць уладкавацца нібыта ў расійскія дзяржустановы і нават у замежныя прадстаўніцтвы.

Але на практыцы атрымліваецца, што БРУ рызыкуе падрыхтаваць спецыялістаў для мясцовых дзяржаўных і адміністрацыйных органаў, якія ў дасканаласці будуць ведаць асновы знешняй палітыкі Расеі і яе гісторыю.

У гэтым і ёсць сэнс актыўнасці “Рассупрацоўніцтва” па прасоўванні “мяккай сілы” Расіі. Дастаткова паглядзець відэавыступы Вячаслава Пугачова на рознага ўзроўню канферэнцыях.