Прарасійскія ініцыятывы масава мяняюць парадак дня. Раней яны звыкліся працаваць на аб’яднанне Беларусі і Расіі, але зараз яны адчуваюць шок ад закрыцця мяжы расейскім бокам.
21 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько
Рэсурсы прарасейскіх арганізацый мільгаюць тэрміновымі паведамленнямі аб адмене практычна ўсяго гадавога календара мерапрыемстваў. Смаленскае агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў вымушана было перанесці фарсайт-сесію «Майстэрня канструявання будучыні: Саюзная дзяржава ў трэцім дзесяцігоддзі 21 стагоддзя», запланаваную на 31 сакавіка – 2 красавіка, на нявызначаны тэрмін. У рэальнасці можна казаць ужо і пра адмену гэтага мерапрыемства.
Ужо дакладна не адбудзецца і вочны этап алімпіяды “Саюзная дзяржава – учора, сёння, заўтра”. Адабраную моладзь з памежных рэгіёнаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей планавалі сабраць у Смаленску 22-24 красавіка. Зараз афіцыйна абвешчана, што пакуль што яна пераносіцца альбо на канец траўня, альбо на пачатак чэрвеня. А можа і ўвогуле нічога не атрымаецца.
Афіцыйная прычына пераносаў і верагодных адмен – “у сувязі з рашэннямі, якія прымаюцца Урадам РФ у мэтах папярэджання каранавіруснай інфекцыі”. Нагадаем, 16 траўня расейскія ўлады вырашылі зачыніць мяжу з Беларуссю для перамяшчэння людзей.
Пад пытаннем і іншыя мерапрыемствы, ужо зацверджаныя на першае паўгоддзе. Праблема яшчэ і ў тым, што грошы на прасоўванне «мяккай сілы Расеі» (афіцыйна – на развіццё грамадзянскай супольнасці) выдзеліў фонд прэзідэнцкіх грантаў Уладзіміра Пуціна ў расійскіх рублях. А курс рубля проста паваліўся.
Напрыклад, на праект «Днепра-Дзвінскі рэгіён паміж мінулым і будучыняй: віртуальная экспазіцыя для неадчыненага музея Айзека Азімава», які стартаваў 1 сакавіка, выдзелена 1282600 расійскіх рублёў. Калі пісалася заяўка на грант, гэта было 20 тысяч даляраў у эквіваленце, а сёння пры курсе 80,15 гэта ўжо 16 тысяч. Такімі тэмпамі хутка дзяліць будзе проста няма чаго.
Перанесены на нявызначаны тэрмін і Міжнародны моладзевы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях “Сакавіцкі леў” (меўся адбыцца ў Магілёве 21-22 сакавіка), які курыруе Рассупрацоўніцтва і прарасійскае сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне «Спадчына». Тут ужо нібыта ў сувязі з абмежаваннямі беларускага Міністэрства аховы здароўя.
Такія ж весткі паступаюць і з Белгарада ад тамтэйшага Інстытута прыгранічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі (ІПСІ). Можна сказаць, скончылася так і не пачаўшыся Школа міжнароднай інтэграцыі і прыгранічнага супрацоўніцтва, запланаваная на 20-23 красавіка ў Мінску, арганізаваная ў рамках праекта «Міжрэгіянальная сетка школ публічнага кіравання Еўразійскай эканамічнай саюза». Мерапрыемства пакуль пераносіцца аж на верасень 2020 года.