У мінулую пятніцу Смаленск ізноў стаў цэнтрам прыцягнення для моладзі з прымежных з Расіяй беларускіх абласцей.

16 красавіка. Магілёў. Саша Мінько. Усе фота Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў vk.com/npaaii.


Смаленскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў, закліканае прасоўваць “мяккую сілу” Расіі ў блізкім замежжы, падтрымала імпрэзу ў фармаце “фарсайт-праекта”.

Гэта сістэмная методыка была заклікана ацаніць доўгатэрміновыя перспектывы навукі і тэхналогій. З’явіўшыся 30 гадоў таму, фарсайт стаў адной з прылад інавацыйнай эканомікі ў ЗША, якая дазваляе спраецыяваць выяву будучыні. Зараз яго спрабуюць скарыстаць і ў грамадска-палітычнай сферы.

Назва фарсайт-сесіі ў Смаленску гучыць вельмі бяскрыўдна і нават трохі незвычайна – “Майстэрня канструявання будучыні: тэхналогіі фарсайту і кнігі А. Азімава”. Праходзіла мерапрыемства ў адной з залаў Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Партнёрам выступіў філалагічны факультэт СмалДУ пры ўдзеле створанага не так даўно “Клуба маладых экспертаў па прымежжы”.

Беларусь на імпрэзе традыцыйна прадстаўлялі Магілёў і Віцебск. Самымі актыўнымі магілёўцамі сталі студэнткі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ) Аляксандра Панькова і Марыя Мельнікава

Таксама быў заўважаны на мерапрыемстве студэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім А.А. Куляшова Ілля Гацакоў.

Метады працы расійскіх адмыслоўцаў з беларускай моладдзю да наіўнасці простыя. Эксперт Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў, каардынатар Клуба маладых экспертаў па прымежжы, прафесар і доктар філалагічных навук Ніна Максімчук прапанавала юнакам з дапамогай “асаблівых методык” сканструяваць будучыню на найбліжэйшыя 50 гадоў. Як фантаст Айзэк Азімаў.

Прыкладам, студэнт віцебскага медуніверсітэта Яўгеній Кахновіч выказаў здагадку, што хутка людзі будуць разлічвацца не грашамі, а зоркамі са свайго рэйтынгу. Магіляўчанка Марыя Мельнікава лічыць, што праз 50 гадоў медычныя тэхналогіі пры паталогіі дазволяць рабіць бясшкодныя аперацыі дзецям яшчэ ва ўлонні маці, каб яны нараджаліся зусім здаровымі. Падобных ідэй было мноства. Але ў фінале арганізатары напомнілі, чаму пра ўсё гэта гаворка ідзе ў Смаленску.

Прагучала галоўная думка – усе прыдуманыя праекты будуць фінансавацца з бюджэту “Саюзнай дзяржавы”, бо “яна, у адрозненне ад іншых сістэм, праз паўстагоддзя будзе працягваць жыць і развівацца”. Што будзе ў такім разе з незалежнай дзяржавай Рэспубліка Беларусь, – такога пытання нават не гучала. Беларускія студэнты яго не задавалі.